«Беларусбанк» пяройдзе з даляраў на эўра пры разьліках у сыстэме Mastercard; ліпень паставіў рэкорд у сумах на рублёвых рахунках беларусаў

Карткі Visa і Mastercard. Ілюстрайыйнае фота

Аб зьмене валюты разьлікаў з сыстэмай Mastercard паведаміла прэс-служба фінансавай установы.

«У сувязі са зьмяненьнем валюты разьлікаў банку зь міжнароднай плацежнай сыстэмай Mastercard інфармуем, што з 25.08.2022 замест даляраў ЗША валюта разьлікаў банку зь міжнароднай плацежнай сыстэмай Mastercard вызначана — эўра», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.

У пачатку ліпеня «Беларусбанк» інфармаваў, аб пераходзе на разьлікі ў эўра па картках міжнароднай плацежнай сыстэмы Visa.

Рублёвыя дэпазыты растуць

З пачатку году агульная сума дэпазытаў у рублях павялічылася больш як на 724 млн, а за ліпень тэрміновыя рублёвыя ўклады вырасьлі яшчэ на 95 млн і дасягнулі рэкорднага паказчыку — 5,8 млрд рублёў. Пра гэта сьведчыць статыстыка Нацыянальнага банку.

Валютныя ўклады фізычных асоб у ліпені крыху пабольшалі: іх аб’ём павялічыўся на $1 млн, да $4,59 млрд. Але адносна пачатку году дынаміка адмоўная — мінус прыкладна $596 млн. Адток валютных укладаў назіраецца са жніўня 2020 году. Падзеньне за паўтара года перавысіла $2,4 млрд.

У ліпені, акрамя росту аб’ёму тэрміновых рублёвых укладаў на 95 млн рублёў, павялічыліся рэшткі на карт-рахунках і ўкладах да запатрабаваньня на 265 млн рублёў, дасягнуўшы 3,8 млрд. Такім чынам, сума на картках у беларускіх рублях вырасла да рэкорднага за апошнія гады значэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусбанк» паведаміў аб пераходзе на разьлікі ў эўра па картках Visa

Павелічэньне сумаў на картках беларусаў улетку звычайна зьвязана з сэзоннымі прычынамі — ростам заробкаў у сельскай гаспадарцы. Акрамя таго, крыху вырасьлі выплаты пэнсій і дапамог. Пераносіць гатоўку ў банкаўскія дэпазыты беларусаў падштурхоўваюць параўнальна высокія стаўкі, піша Office Life.

Што тычыцца дэпазытаў юрыдычных асоб, то зьніжэньне адзначаецца і на рублёвых, і на валютных. У ліпені першыя скараціліся на 554,1 млн рублёў, другія — на $275,2 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Утрыманьне экзатычных жывёлаў, правілы падаткаў, школьная форма. Што зьменіцца ў Беларусі з 1 жніўня