МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту пратэсту ў сувязі з закрыцьцём літоўскай школы

Ілюстрацыйнае фота

12 жніўня Міністэрства замежных справаў Літвы накіравала ў амбасаду Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з пратэстам супраць дзеяньняў уладаў Беларусі, накіраваных на закрыцьцё літоўскай дзяржаўнай Пяляскай сярэдняй школы.

«Гэтыя дзеяньні зьяўляюцца працягам мэтанакіраваных намаганьняў уладаў Беларусі па ліквідацыі літоўскай адукацыі ў Беларусі і парушэньня двухбаковых пагадненьняў паміж Літвой і Беларусьсю і міжнародных канвэнцый, якія замацоўваюць права прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў навучацца на роднай мове», — піша МЗС Літвы.

Установа ў вёсцы Пеляса Воранаўскага раёну стала першай школай у Беларусі, дзе навучаньне вялося на літоўскай мове. Школу адкрылі ў 1992 годзе, у апошні год там вучыліся больш за 120 дзяцей.

Пяляскую сярэднюю школу, адну зь дзьвюх літоўскіх школ у Беларусі, перад пачаткам навучальнага году праверыла інспэкцыя МНС. Як заявілі ў МНС, праверка выявіла шэраг парушэньняў, школу закрываюць да «ліквідацыі заўваг».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі закрылі літоўскую школу — за «парушэньні, якія пагражаюць жыцьцю і здароўю дзяцей»

Як расказаў начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Руслан Абрамчык, у сувязі з закрыцьцём школы ўсіх яе навучэнцаў — а гэта 40 дзяцей зь Лідзкага раёна і 74 з Воранаўскага — перавядуць у іншыя школы па месцы жыхарства. Навучаньне там, натуральна, будзе ўжо не па-літоўску. 24 пэдагогам, зь якіх 10 — грамадзяне Літвы, прапануюць месца працы на тэрыторыі Воранаўшчыны.

Яшчэ адна літоўская школа на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь працуе ў Рымдзюнах Астравецкага раёну.

Раней супраць дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі пратэставала Польшча, пратэст быў зьвязаны са зьнішчэньнем шэрагу пахаваньняў жаўнераў Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я палякаў не караю...» Зьнішчэньне польскіх магілаў як апошні аргумэнт Лукашэнкі