У Нью-Ёрку быў учынены напад на пісьменьніка Салмана Рушдзі. Невядомы падбег да Рушдзі з нажом, калі той рыхтаваўся пачаць сваю лекцыю.
Злачынца параніў пісьменьніка нажом у шыю, паведамляе Reuters. Нападніка затрымалі. Пазьней зьявілася інфармацыя, што Рушдзі адвезьлі ў шпіталь на верталёце і робяць яму апэрацыю.
У Іране, дзе ва ўладзе знаходзяцца рэлігійныя фундамэнталісты, Салман Рушдзі лічыцца блюзьнерам. Ягоны раман «Сатанінскія вершы» забаронены. У 1989 годзе тагачасны духоўны лідэр Ірану аятала Хамэйні выдаў фатву, якая заклікала пакараць пісьменьніка сьмерцю. За забойства Рушдзі прызначылі ўзнагароду ў 3 мільёны даляраў. Пагроза жыцьцю Рушдзі прывяла да таго, што Вялікая Брытанія і Іран прыпынілі дыпляматычныя адносіны ў сакавіку 1989 году, і Рушдзі вымушаны быў жыць дзевяць гадоў пад аховай паліцыі.
- Салман Рушдзі нарадзіўся ў Бамбэі (сучасным Мумбаі) у Індыі ў 1947 годзе, адукацыю атрымаў у Англіі. Піша па-ангельску.
- За свой другі раман, «Дзеці поўначы», атрымаў Букераўскую прэмію ў 1981 годзе.
- Яго кніга «Сатанінскія вершы» з 1988 году выклікала міжнародныя пратэсты мусульманаў, некаторыя зь іх абвінавацілі Рушдзі ў блюзьнерстве.
- Праз год пасьля публікацыі «Сатанінскіх вершаў» тагачасны вярхоўны лідэр Ірану аятала Хамэйні выдаў фатву з заклікам да забойства пісьменьніка. Іран перастаў афіцыйна падтрымліваць фатву ў 1998 годзе.
- Пасьля Рушдзі працягваў пісаць кнігі і апублікаваў апісаньне справы «Сатанінскіх вершаў» у 2012 годзе.
- Рушдзі мае дваіх дзяцей, жыве ў ЗША.
- У 2007 годзе каралева Англіі надала яму рыцарскае званьне за літаратурныя заслугі.