«Пасьля падзеяў у жніўні 2020 году ў Менску Вільня стала найважнейшым цэнтрам дзейнасьці беларускай грамадзянскай супольнасьці. Дзясяткі беларускіх НДА і арганізацый грамадзянскай супольнасьці, актывісты і незалежныя журналісты, якія ня могуць працаваць у Беларусі, разьмясьціліся ў Літве, таму абвінавачаньні, якія прагучалі апошнім часам у публічнай прасторы, што людзі, якія ратуюцца ад таталітарных рэжымаў, ня могуць трапіць у Літву, не адпавядаюць рэчаіснасьці», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы.
У ведамстве адзначылі, што на патрабаваньне беларускіх уладаў штат амбасады ў Беларусі быў скарочаны да аднаго супрацоўніка, а генконсульства ў Горадні — закрытае, і гэта істотна абмяжоўвае магчымасьці выдачы візаў беларусам, падкрэсьліваюць у ведамстве.
Таксама ў МЗС Літвы падкрэсьлілі, што сур’ёзна ставяцца да ўсіх пададзеных запытаў, правяраюць іх і «выступаюць пасярэднікам толькі ў тых выпадках, калі запыты абгрунтаваныя».
«Міністэрства замежных спраў будзе і надалей прыкладаць усе намаганьні для таго, каб Беларусь, якая імкнецца да свабоды, заставалася на парадку дня як літоўскай, так і міжнароднай палітыкі, а людзі, якія змагаюцца супраць рэжыму, маглі на законных падставах прыяжджаць і пражываць у Літве», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За апошнія 9 месяцаў 2021 году Літва выдала беларусам 4164 гуманітарныя візы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прасадка ў сямейным бюджэце капітальная — мінус тысяча эўра ў месяц». Як шматдзетная сям’я беларусаў жыве ў Коўне