За абразу пракурорскіх работнікаў і іншых прадстаўнікоў улады і распаўсюд іх пэрсанальных зьвестак пракуратура Горадзенскай вобласьці завяла крымінальныя справы, паведамляе Генпракуратура Беларусі.
У пракуратуры сьцьвярджаюць, што карыстальнікі «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў распаўсюдзілі зьвесткі аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя дадзеныя намесьніка начальніка аддзелу пракуратуры Горадзенскай вобласьці, памочніка пракурора Савецкага раёну Менску, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і турмы № 1, судзьдзі Горадзенскага абласнога суду і іх блізкіх сваякоў. Гэта нібыта зьвязана з разглядам судом Горадзенскай вобласьці «справы Аўтуховіча».
Паведамляецца, што «пад названай інфармацыяй іншыя карыстальнікі пакінулі камэнтары абразьлівага характару».
Пракуратура завяла крымінальныя справы па артыкуле за абразу службовай асобы (арт. 369 КК), а таксама за незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках (ч.3 арт. 203-1 КК).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтуховіч пасьля галадоўкі прысутнічае на судзе, але настолькі слабы, што адмаўляецца ўставацьСуд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.
Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча». Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разановічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Сьнягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.
Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у лік гэтых васьмі не ўваходзіць. Мікалай трымаў галадоўку звыш 20 дзён. Затым зьявіліся зьвесткі ад адміністрацыі пра тое, што ён пачаў піць вадкасьці і атрымаў кропельніцу, зь іншых крыніц інфармацыі пра гэта няма.
Чацьвёра падсудных у «справе Аўтуховіча» — Ўладзімер Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер — перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іхнаму жыцьцю і здароўю, а таксама пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.