Падчас прэзэнтацыі гучала крытыка ў адрас Сьвятланы Ціханоўскай. Яе асяродзьдзе абвінавацілі ў неэфэктыўнасьці. Альтэрнатывай ідэям яе офісу паплечнікі Цапкалы назвалі стварэньне Нацыянальнай рады Рэспублікі Беларусі. Гэта орган мае выканаць функцыю «народнага парлямэнту».
Пасьля кароткай прэзэнтацыі эфір працягнула дыскусія ўдзельнікаў стрыму. У ёй бяруць удзел палітоляг Дзьмітры Балкунец, амэрыканскі палітычны кансультант Джэйсан Джэй Смарт, прадстаўнік беларускай дыяспары ў Варшаве Руслан Хазін, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч.
Паводле аўтараў ідэі, Нацыянальная рада павінна абірацца на два гады простым галасаваньнем грамадзян Беларусі. У яе маюць уваходзіць да 45 чалавек. У Радзе маюць дзейнічаць розныя камісіі, а «народныя абраньнікі» абавязаныя даваць справаздачы выбарнікам аб сваёй працы. Абіраць чальцоў «народнага парлямэнту» прапануюць празь не названую пакуль плятформу, легальнасьць якой мусіць прызнаваць міжнародная супольнасьць. Удзел у галасаваньні маглі б прымаць як беларусы зь Беларусі, так і з замежжа. У якасьці прыкладаў назвалі падобныя органы ў пасьляваеннай Італіі, Тыбэце ў канцы 1950-х і Самалі ў 2004–2012 гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра каго і чаму мала пішуць СМІ? Ацэнка мэдыяэкспэртаНекалькі дзён таму Форум дэмакратычных сілаў, які зьбіраўся ў Бэрліне і Варшаве з ініцыятывы Валера Цапкалы, зьвярнуўся ў ААН, АБСЭ, Раду Эўропы, Эўрапейскі Парлямэнт з просьбай аказаць ім дапамогу ў правядзеньні выбараў і прыслаць міжнародных назіральнікаў. Пастанову прыняў «часовы Нацыянальны савет».
«Наша ніва» паведамляла, што ў склад «савету» ўваходзяць Вераніка Цапкала, Вольга Карач, Анатоль Котаў, Яўген Вільскі, Валерыя Валодзіна, Вадзім Дзьмітранок, Вячаслаў Япішка, Вольга Катовіч, Міхаіл Кучараў, Антон Малкін, Тацяна Сівачэнка, Аляксей Францкевіч, Руслан Хазін, Вера Хортан, Любоў Шабаршына і Віталь Дзядзюк.
Склад «часовага Нацыянальнага савету» выбіраўся галасаваньнем на Форуме дэмакратычных сілаў у ліпені ў Бэрліне. Павал Латушка, Сьвятлана Ціханоўская і іхныя каманды не прысутнічалі на гэтым сходзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нацыянальны савет Цапкалы і Карач увайшлі 17 чалавек