Нагодай для звароту, як паведамляе на сваім сайце Free Belarus Center, паслужылі факты масавых адмоваў украінскай міграцыйнай службы ў легалізацыі на тэрыторыі краіны грамадзянам Беларусі.
Адмовы, падкрэсьліваецца ў звароце, атрымлівалі добраахвотнікі УСУ, валянтэры, журналісты, а таксама члены іх сем’яў, якія «ўсімі сіламі і рэсурсамі падтрымліваюць барацьбу Ўкраіны з агрэсарам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля сёньняшняй ночы з 20 ракетамі нашым нікому нічога не дадуць». Беларусы ва Ўкраіне па-ранейшаму маюць праблемы зь легалізацыяйПраваабаронцы зьвяртаюць увагу, што пасьля пачатку расейска-ўкраінскай вайны ў многіх рэгіёнах краіны не працавалі падразьдзяленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы (ДМС), таму «замежнікі, у прыватнасьці, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, былі пазбаўленыя магчымасьці своечасова падаць неабходныя дакумэнты для атрыманьня або падаўжэньня дзеяньня пасьведчаньня на жыхарства (ПНЖ) ва Ўкраіне».
Паводле словаў аўтараў звароту, работнікі ГМС спачатку запэўнівалі, што «беларусы не сутыкнуцца з нэгатыўнымі наступствамі пропуску тэрмінаў», але пасьля аднаўленьня працы беларусы «спачатку вусна, потым пісьмова пачалі атрымліваць масавыя адмовы ў афармленьні неабходных дакумэнтаў на пражываньне ва Ўкраіне».
«12 траўня 2022 году старшыня ГМС Навуменка выступіла з афіцыйнай заявай аб тым, што міграцыйная палітыка Ўкраіны ў адносінах да грамадзян Беларусі пасьля 24 лютага 2022 году не зьмянілася. Аднак практыка паказвае адваротнае», — зазначаюць прадстаўнікі праваабарончых арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У міграцыйнай службе Ўкраіны паведамілі, колькі беларусаў прымусілі выехаць з украінскай тэрыторыіЯны прыводзяць прыклады далейшай дыскрымінацыі беларускіх грамадзян: адмовы прымаць дакумэнты на падаўжэньне або атрыманьне ВНЖ, прадпісаньні пакінуць Украіну ў найкарацейшыя тэрміны пад пагрозай пакараньня, забароны на наведваньне краіны ў будучыні, патрабаваньні «аб апастыляваньні дакумэнтаў, выдадзеных у РБ», што на сёньня невыканальна.
«Такая практыка зьмяншае шэрагі валянтэраў, якія ўносяць істотны ўклад у перамогу Ўкраіны, падрывае давер да дзяржаўных органаў і разлучае семʼі», — гаворыцца ў заяве.
Асобна праваабаронцы акцэнтуюць увагу на парушэньні правоў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны і маюць кантракты з УСУ.
«На момант дзеяньня кантракту легальнасьць знаходжаньня ва Ўкраіне пацьвярджаецца вайсковым білетам, — удакладняюць яны. — Аднак у выпадку раненьня або спыненьня службы зь іншай прычыны гэтыя людзі ня маюць магчымасьці легалізавацца ва Ўкраіне насуперак палажэньням закону аб іншаземцах».
«Складаецца сытуацыя, што нават абаронцы Ўкраіны не забясьпечаныя мінімальнымі прававымі гарантыямі легальнага статусу», — канстатуюць аўтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярнуцца, каб быць арыштаваным. Пра што варта памятаць палітэмігрантам, якія наважыліся ў зваротную дарогуПраваабаронцы заклікаюць украінскія ўлады «зьмяніць стаўленьне да грамадзян Беларусі».
На іх думку, неабходна наладзіць працэс атрыманьня і падаўжэньня беларусамі ПНЖ, забясьпечыць прыём натарыяльна завераных копій дакумэнтаў без апастыляваньня, унесьці зьмяненьні ў заканадаўства, якія аблегчаць легалізацыю беларусам.
«Мы лічым, што грамадзяне Беларусі... не павінны сутыкацца з прыгнётам з прычыны прыналежнасьці да беларускага грамадзянства, — рэзюмуюць праваабаронцы. — Украіна павінна быць пасьлядоўнай: калі ўлада не прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе... а беларусы зьяўляюцца ахвярамі крывавага рэжыму, то зараз караць іх... несправядліва. Для многіх Украіна стала домам, які яны гатовыя абараняць і робяць гэта штодня».
Зварот накіраваны ў Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўную міграцыйную службу, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства юстыцыі Ўкраіны.
Яго падпісалі беларуская ініцыятыва Free Belarus Center, «Адукацыйны Дом правоў чалавека ў Чарнігаве», «Украінскі Хэльсынскі саюз па правах чалавека», што базуецца ў Львове, украінскі «Цэнтар грамадзянскіх свабод» і ўкраінскі Цэнтар правоў чалавека ZMINA.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БЧБ-нявеста Іна Зайцава зьехала з Украіны ў Швайцарыю. Пад пагрозай дэпартацыі застаюцца іншыя беларусы