Камунальнікаў абавязалі зафарбоўваць «несанкцыянаваныя надпісы»

Супрацоўнікаў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі абавязалі зафарбоўваць «несанкцыянаваныя надпісы», як вынікае са зьменаў у пастанову Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі № 8 ад 10 чэрвеня 2022 году.

Абноўлены дакумэнт зьявіўся на сайце pravo.by.

Цяпер камунальнікі павінны ліквідаваць «несанкцыянаваныя надпісы» ў пераходах і на мастах, што пазначана ў 18 пункце пастановы. Таксама сярод новых абавязкаў работнікаў ЖКГ — мыць вуліцы і масты, здымаць гнёзды птушак і восаў, адлоўліваць шалёных і безнаглядных жывёл, рамантаваць велапаркоўкі і іншыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 16 гадоў турмы. Вынесьлі прысуды бабруйскім «рэйкавым партызанам»

«Медиазона» паведамляе, што камунальнікі ўжо зафарбоўвалі муралы і надпісы на вуліцах Менску. Напрыклад, 22 ліпеня ў горадзе зафарбавалі мурал «Імгненнасьць», які быў там з восені 2019 году. А ў ліпені ў Ляхавічах работніка ЖКГ асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» за надпісы на гаражы каля мясцовай лазьні. Яго лёзунгі «Не вайне!» на сьценах таксама зафарбавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шнары пратэсту». Шэсьць фотагісторыяў пацярпелых на пратэстах у жніўні 2020-га