Перад уручэньнем сьцягу сябра Рады БНР Паліна Прысмакова прачытала зварот да каліноўцаў старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.
«Я захопленая вашаю адвагаю і вашай верай у найбольшую чалавечую каштоўнасьць, якою ёсьць Свабода, — гаворыцца ў звароце. — Бароніце вы яе для ўсіх нас. Змагаецеся сёньня з самым лютым ворагам ня толькі Ўкраіны, але і беларускага народу. Гэты вораг — расейская імпэрыя, якая стагодзьдзямі зьнішчала імкненьне народаў да свабоды, да волі, да незалежнасьці. Пасьля ўсіх страшных бедаў, якія перажыло чалавецтва за мінулае стагодзьдзе, Расея зноў разьвязала крывавую вайну, імкнучыся рабаваць і забіваць сваіх суседзяў».
«Ваш полк з гонарам нясе імя Кастуся Каліноўскага. Героя, які аддаў жыцьцё за Беларусь і запаліў у нашым народзе волю да свабоды, якую з тых часоў ужо нікому не ўдалося загасіць. Для Рады БНР ёсьць вялікім гонарам уручыць вам баявы штандар і такім чынам выказаць вам удзячнасьць і дабраславеньне ад беларускага народу, вольным голасам якога Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ёсьць ўжо болей за стагодзьдзе», — сказана ў звароце.
«Малю Ўсемагутнага за нашую агульную перамогу і каб апекаваўся кожным і кожнай з вас, пакуль ня вернемся ўсе разам у сваю родную Беларусь. Памажы вам Божа! Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!» — завяршыла свой зварот да каліноўцаў Івонка Сурвіла.
На цырымоніі ўручэньня сьцягу прысутнічала Сьвятлана Ціханоўская, чальцы створанага ёю Аб’яднанага пераходнага кабінэту, удзельнікі канфэрэнцыі, якая сёньня завяршылася ў Вільні.