Кітай пачне вучэньні, каб адпрацаваць акружэньне Тайваню

Кітайскія вайсковыя гелікоптэры, 4 жніўня 2022 г.

Армія Кітаю абвясьціла аб правядзеньні вучэньняў, мэтай якіх будзе адпрацаваць акружэньне востраву Тайвань.

Як паведамляе South China Morning Post, дата заканчэньня вучэньняў не называецца. Міжнародныя назіральнікі мяркуюць, што КНР можа зрабіць маштабныя вайсковыя вучэньні ў раёне Тайваню рэгулярнымі.

Раней узброеныя сілы Тайваню пачалі артылерыйскія вучэньні з баявымі знарадамі. Яны трэнаваліся ў адбіцьці нападу на востраў. Улады Тайваню заявілі, што Кітай падчас сваіх вучэньняў імітуе атаку на выспу.

4 жніўня Кітай пачаў вайсковыя вучэньні з баявой стральбой у шасьці акваторыях вакол Тайваню пасьля візыту на востраў сьпікера палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі. Яна стала самым высокапастаўленым амэрыканскім палітыкам, які прыляцеў на востраў за апошнія 25 гадоў. Кітайскі МЗС папярэджваў, што Пэкін ацэніць візыт як падрыў свайго сувэрэнітэту. Вучэньні скончыліся ў нядзелю 7 жніўня, аднак ужо 8 жніўня Кітай аб’явіў аб правядзеньні новых.

  • Улады Кітаю лічаць Тайвань сваёй тэрыторыяй і дэкляруюць намер узьяднацца зь ёй. ЗША не прызнаюць Тайвань незалежнай дзяржавай, як і большая частка краінаў ААН, аднак выступаюць рэзка супраць пагрозаў Кітаю далучыць выспу сілай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікер парлямэнту ЗША правяла перамовы з прэзыдэнткай Тайваня; Кітай увёў санкцыі супраць вострава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэлосі пра візыт на Тайвань: Гэта падтрымка дэмакратыі. Афіцыйны Пэкін: Гэта замах на сувэрэнітэт Кітаю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўсе абмяркоўваюць магчымы візыт сьпікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі на Тайвань