Заходнія краіны павінны забараніць усім расейцам уезд на сваю тэрыторыю. Аб гэтым заявіў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію газэце The Washington Post.
Паводле яго, усе раней уведзеныя санкцыі супраць Расеі застаюцца слабымі ў параўнаньні з закрыцьцём межаў для расейскіх грамадзян на адзін год і поўным эмбарга на куплю расейскіх энэрганосьбітаў.
«Найважнейшыя санкцыі палягаюць у закрыцьці межаў — бо расейцы адбіраюць чужую зямлю», — сказаў Зяленскі ў размове з выданьнем, дадаўшы, што расейцы павінны «жыць у сваім уласным сьвеце, пакуль ня зьменяць сваю філязофію».
Украінскі прэзыдэнт лічыць, што можна «заклікаць да адказнасьці ўсё насельніцтва» Расеі, ізаляваўшы яго. Гэта адзіны спосаб паўплываць на прэзыдэнта Пуціна, настойвае Зяленскі.
«Пра якіх бы расейцаў ні ішлося, адпраўце іх назад у Расею. Тады яны зразумеюць. Тады яны скажуць: мы ня маем ніякага дачыненьня да гэтай вайны. Увесь народ ня можа несьці адказнасьць, хіба ня так? Можа. Менавіта гэты народ абраў такую ўладу і не змагаецца зь ёй, не спрачаецца зь ёй, не крычыць на яе», — сказаў Зяленскі ў інтэрвію The Washington Post.
У шэрагу краін Эўразьвязау ідзе дыскусія аб магчымай забароне на выдачу візаў грамадзянам Расеі. З такой ініцыятывай ужо выступілі Эстонія, Латвія і Фінляндыя. Эўразьвяз з 26 лютага прыпыніў спрошчаны візавы рэжым з Расеяй. Пасольствы і візавыя цэнтры шэрагу эўрапейскіх краін абмежавалі або поўнасьцю спынілі афармленьне кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў для расейцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канфэрэнцыі ў Вільні Ціханоўская назвала склад пераходнага Кабінэту