Пра гэта гаворыцца на сайце Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці.
Фінансаваньне, якое каардынуецца зь Міністэрствам фінансаў ЗША праз Сусьветны банк, будзе давацца ўраду Ўкраіны траншамі, пачынаючы з выплаты 3 мільярдаў даляраў у жніўні. Амэрыканскія сродкі павінны дапамагчы ўкраінскаму ўраду падтрымліваць асноўныя функцыі і аказваць сацыяльную і фінансавую дапамогу для маламаёмасных, дзяцей з інваліднасьцю і мільёнаў унутрана перамешчаных асоб.
Новая фінансавая дапамога для Украіны выдзяляецца ў той час, калі вайна доўжыцца ўжо шосты месяц, мільёны ўкраінцаў вымушаныя пакінуць свае дамы, а ўлады папярэджваюць аб верагодным недахопе газу зімой, — адзначае «Голас Амэрыкі». Паводле ацэнак Сусьветнага банку, праз вайну 55 працэнтаў украінцаў будуць жыць у галечы да канца 2023 году ў параўнаньні з 2,5 працэнта да пачатку вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна нанесла новы ўдар па Антонаўскім мосьце ў Херсоне і па Мелітопалі. Расея прызначыла рэфэрэндум у Запароскай вобласьціПапярэднія пакеты дапамогі склалі $1,7 млрд у ліпені і $1,3 млрд у чэрвені. Вашынгтон таксама выдзеліў мільярды долараў у якасьці ваеннай падтрымкі. У панядзелак міністэрства абароны ЗША аб’явіла аб выдзяленьні новага пакета ўзбраеньняў для Украіны на адзін мільярд долараў.
У яго ўвайшла неназваная колькасьць ракет для комплексаў залпавага агню HIMARS і комплексаў супрацьпаветранай абароны NASAMS, 75 тысяч снарадаў артылерыі калібру 155 мм, 50 браніраваных мэдычных аўтамабіляў, супрацьпяхотныя міны і выбухоўка, мінамётныя сыстэмы і снарады да іх, супрацьтанкавыя гранатамёты.
Паводле ацэнак украінскіх уладаў, у сувязі з выдаткамі на вайну і зьніжэньнем падатковых паступленьняў краіна сутыкаецца з дэфіцытам бюджэту ў памеры $5 млрд на месяц — або 2,5% даваеннага валавога ўнутранага прадукту. Гэта можа выклікаць павелічэньне гадавога дэфіцыту Ўкраіны да 25% ВУП у параўнаньні з 3,5% да пачатку ўварваньня.