Уся ўлада ўраду ў выгнаньні? Канфэрэнцыя «Новая Беларусь» вачыма аглядальнікаў Свабоды

Канфэрэнцыя «Новая Беларусь», Сяргей Падсасоны (мадэратар), Іван Краўцоў, Вераніка Цапкала, Вольга Кавалькова, Валер Міцкевіч, Франак Вячорка

Які орган кіраваньня вырашылі стварыць на канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў у Вільні? Хто ўвойдзе ў яго склад? Якія новыя падыходы былі выказаныя падчас форуму? Аб чым спрачаліся ўдзельнікі канфэрэнцыі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць аглядальнікі Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Што такое пераходны ўрад?

Карбалевіч

Валер Карбалевіч

  • Падчас канфэрэнцыі гучалі заявы, што яна павінная прыняць гістарычныя рашэньні. Я ў сваім жыцьці шмат прысутнічаў на розных зьездах і канфэрэнцыях. І бадай ад кожнага з гэтых мерапрыемстваў чакалі гістарычных рашэньняў.
  • Многія ўдзельнікі канфэрэнцыі выказвалі меркаваньне, што трэба стварыць новыя структуры кіраваньня дэмакратычнымі сіламі. Я ў гэтым бачу нейкі бюракратычны падыход. Ёсьць праблема — давайце створым новую структуру, давайце створым пераходны Кабінэт.
  • Латушка прапанаваў гэты кабінэт. Але ва ўраду павінныя быць структуры.
  • Другое пытаньне — гэта паўнамоцтвы гэтага кабінэту, хто будзе рэальна прымаць рашэньні? Наколькі я зразумеў Латушку, ён уяўляў гэта неяк накшталт «палітбюро» пры «генэральным сакратары» Ціханоўскай.
  • З выступаў прадстаўнікоў офісу Сьвятланы Ціханоўскай вынікала, што яны гэта разумелі крыху па-іншаму. А яшчэ ж павінны быць протапарлямэнт — Каардынацыйная Рада, які павінен зацьвярджаць рашэньні ўраду.
  • Для эміграцыі мне такая структура здаецца занадта складанай.

Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

  • Удзельнікі канфэрэнцыі рэагавалі на заклік, на запыт народу — свайго электарату. І сэнс гэтага запыту — трэба нешта мяняць, трэба нешта рабіць. І ёсьць запыт на большую радыкальнасьць у дзеяньнях.
  • Стварэньне пераходнага ўраду — гэта адказ палітыкаў на гэты запыт на больш радыкальныя дзеяньні.
  • Гэтаму не пярэчылі і прадстаўнікі офісу. Там было галасаваньне, якое адбывалася падчас онлайн-трансьляцыі. І 90% тых, хто глядзеў трансьляцыю, былі за тое, каб такі ўрад быў створаны.
  • Другая асаблівасьць — гэта прыхільнасьць некаторых выступоўцаў да больш радыкальных дзеяньняў. Гэта было чаканым у выступе Пракоп’ева і не зусім чаканым — у выступе Латушкі. Яны фактычна казалі пра ўзброенае супрацьстаяньне. Гэта не адкідалася як правакацыя спэцслужбаў, сілавы варыянт абмяркоўваецца як адзін з асноўных.

Пра што спрачаліся на канфэрэнцыі?

Цыганкоў

  • Да выступу Веранікі Цапкалы ў другой палове дня спрэчак практычна не было. Людзі, якія былі на авансцэне, вельмі цёпла ціснулі рукі адзін аднаму.
  • Цапкала выказала ўсе свае крыўды. Яе крыўды былі не канцэптуальныя, а асабістыя — што яе нікуды не запрашаюць, што яе не заўважаюць.
  • Найбольшае абурэньне ва ўдзельнікаў канфэрэнцыі выклікала яе прапанова кантраляваць мэдыя.
  • Калі Цапкала крытыкавала офіс Ціханоўскай, заля была спакойнай. Аднак калі прапанавала паставіць незалежныя мэдыя пад кантроль, рэакцыя была бурнай і адмоўнай. І гэта быў хіба адзіны момант адкрытай дыскусіі.
  • Нягледзячы на невялікую пікіроўку Пракопʼева з Дабравольскім, і ён, і Латушка ў цэлым знаходзілі агульную мову з офісам Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Быць сілавому сцэнару ці ня быць? Рэпартаж Зьмітра Панкаўца зь першага дня канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні

Карбалевіч

  • Выступоўцы рабілі акцэнт на рознае. Калі Пракопʼеў і Азараў казалі пра сілавы варыянт, то Дабравольскі, Вячорка і Ціханоўская калі пра сілавы варыянт і ўзгадвалі, дык толькі ўскосна.
  • Было відавочна, што да гэтай ідэі яны ставяцца па меншай меры асьцярожна. І тут ёсьць пэўныя рознагалосьсі і пэўная дыскусія.

Хто ня ўвойдзе ў пераходны ўрад?

Карбалевіч

  • На прамое пытаньне, ці ўвойдзе яна ці Валер у кіроўныя структуры, якія будуць створаныя на гэтай канфэрэнцыі, адказ Веранікі Цапкалы быў хутчэй адмоўны.
  • Ні Валер, ні Вераніка, так здаецца, ня хочуць уваходзіць у структуры, якія ствараюцца офісам і на гэтай канфэрэнцыі.
  • Што тычыцца іншых удзельнікаў Форумаў дэмакратычных сілаў, якія прайшлі ў Варшаве і Бэрліне, пакуль цяжка сказаць наконт іх рашэньняў. Думаю, што калі некаторым зь іх будуць прапанаваныя пасады ва ўрадзе, які стварае Ціханоўская, яны прымуць гэтыя прапановы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вераніка Цапкала прапанавала стварыць грамадзкую раду, каб праверыць ступень незалежнасьці СМІ

Цыганкоў

  • Некаторыя крытыкі называюць Офіс Ціханоўскай «генэраламі без арміі». Але адносна Савету Рэспублікі, які ствараецца Валерам і Веранікай Цапкаламі, гэта можна сказаць найперш.
  • Большасьць пратэстнага электарату ў Беларусі аддае перавагу Ціханоўскай. Пра яе і раней, і сёньня казалі, што яна адзіная мае легітымнасьць з прычыны вынікаў выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На канфэрэнцыі дэмсіл у Вільні прапанавалі стварыць урад у выгнаньні. Онлайн

Хто ўвойдзе ў пераходны ўрад?

Цыганкоў

  • Валер слушна заўважыў, што гэтая ідэя пераходнага ўраду офісам Ціханоўскай успрымаецца без захапленьня, мякка кажучы. Але ёсьць ціск грамадзтва ў гэтым кірунку. Ёсьць ідэя, каб яна прызнала сябе пераможцай прэзыдэнцкіх выбараў і выконвала ролю прэзыдэнцкі ў выгнаньні. Яна ў сваёй прамове напрыканцы сёньняшняга дня сказала: «Я гатовая прыняць на сябе вялікую частку адказнасьці, але хочацца, каб побач са мной усталі людзі, якія таксама будуць браць на сябе гэтую адказнасьць».
  • У свой час у Нацыянальнае антыкрызіснае кіраваньне Латушкі прыйшло шмат людзей. А потым многія адтуль сышлі. Так што пытаньне насамрэч ня толькі ў тым, каго ўзяць у пераходны ўрад, а ў тым, каб знайсьці людзей туды.

Карбалевіч

  • Было з залі пытаньне, якія пэрспэктывы міжнароднага прызнаньня пераходнага ўраду. На яго спрабаваў адказаць Латушка.
  • Пакуль ёсьць міжнароднае прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай, як паўнамоцнай прадстаўніцы беларускай дэмакратыі, беларускага грамадзтва.
  • Наколькі яе легітымнасьць можна будзе распаўсюдзіць на структуры, якія будуць ёй створаныя — гэта пытаньне, на якое адказу пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская вызначыла 7 прыярытэтных кірункаў для супольнай дзейнасьці дэмакратычных сіл