Як расказаў мэдык, стан здароўя Мікалая Аўтуховіча ацэньваецца як «здавальняльны», піша БелТА. Ён прымае ежу і п’е ваду з 1 жніўня, не адмаўляецца ад мэдычнай дапамогі. З словаў прадстаўніка мэдыка-санітарнай службы, заяўленую галадоўку цяжка назваць такой, дадае дзяржаўнае выданьне.
«Былі факты спажываньня ежы і вады. Аб гэтым сьведчаць дасьледаваньні аналізаў», — адзначыў мэдык.
Паводле спэцыяліста, зараз Мікалай Аўтуховіч можа прымаць удзел у судовым працэсе.
Сваякі гавораць, што ў Аўтуховіча пачалі разбурацца ныркі. Закрытасьць судовага працэсу ад шырокай публікі перашкаджае своечасова даведвацца падрабязнасьці пасяджэньняў і навіны пра вязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікола Аўтуховіч спыніў сухую галадоўку, але ягоны страўнік не запрацаваў, пачалі разбурацца ныркі, — паведамілі сваякіМікалай Аўтуховіч на паседжаньні 8 жніўня заявіў, што ня згодны з заявай мэдыкаў і распавёў на судзе: «27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак. Маё здароўе цалкам падарванае».
Падчас сёньняшняга судовага пасяджэньня Аўтуховіч заявіў таксама хадайніцтва наконт азнаяемленьня з пратаколамі тых пасяджэньняў, на якіх ён адсутнічаў з-за галадоўкі. Суд задаволіў хадайніцтва, піша Новы час.
Міколу Аўтуховіча дагэтуль не прызналі палітвязьнем. За кратамі ён больш як паўтара года. Цяпер над ім ідзе суд за «тэрарызм». Усяго ў «справе Аўтуховіча» 12 фігурантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Аўтуховіч аднаўляў свой бізнэс пасьля турмы і пашыраў беларушчыну. Ён трымаў сухую галадоўку 21 дзеньГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.