Азаранка ня трапіць на турнір у Таронта праз праблемы з канадзкай візай

Вікторыя Азаранка

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, колішняя першая ракетка сьвету, прапусьціць турнір у Таронта, бо не атрымала канадзкую візу. Пра гэта яна напісала ў сваім Твітэры.

«Я мусіла зьняцца з турніру ў Таронта, бо мая заява на атрыманьне візы не была ўхваленая. Я вельмі расчараваная. Вельмі сумна прапускаць адзін з маіх любімых турніраў. Я люблю гуляць у Канадзе, там цудоўныя заўзятары, гэта краіна, дзе ў мяне шмат сяброў», — напісала Азаранка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускіх і расейскіх тэнісістаў не дапусьцяць да Ўімбэлданскага турніру — аднаго з найпрэстыжнейшых у сьвеце

Паводле інфармацыі агенцтва AFP, асацыяцыя Tennis Canada паведаміла, што праблемы зь візай для Азаранкі ўзьніклі ў сувязі з тэрмінамі афармленьня дакумэнтаў, а не з прычыны яе беларускага грамадзянства:

«Tennis Canada пацьвярджае, што Вікторыя Азаранка не пасьпела аформіць візу, каб удзельнічаць у турніры», — сказана ў заяве арганізацыі.

Вікторыя спадзяецца, што трапіць на Cincinati Open у ЗША, дзе кваліфікацыйныя матчы стартуюць 13 жніўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вікторыя Азаранка адмовілася ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях

Раней арганізатары Уімблдону вырашылі не дапускаць да ўдзелу ў турніры расейскіх і беларускіх спартоўцаў. Асацыяцыя тэнісістаў-прафэсіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) гэты крок не падтрымалі.