Прэс-служба ўкраінскага «Энэргаатама» паведаміла 7 жніўня, што расейскія войскі ўвечары 6 жніўня зноў нанесьлі ракетны ўдар па Запароскай АЭС і ўразілі пляцоўку непасрэдна побач з сухім сховішчам адпрацаванага ядзернага паліва станцыі.
«Відавочна, цэлілі менавіта ў кантэйнэры зь ядзернымі боегалоўкамі, якія захоўваюцца пад адкрытым небам побач зь месцамі абстрэлаў. 174 кантэйнэры, у кожным зь якіх знаходзіцца 24 зборкі адпрацаванага ядзернага паліва», — адзначылі ў «Энэргаатаме».
Паводле «Энэрганатаму», у выніку ракетных абстрэлаў пашкоджаныя тры датчыкі радыяцыйнага кантролю вакол пляцоўкі сухога сховішча адпрацаванага ядзернага паліва Запароскай АЭС.б
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна: Расея стварае ўдарную групоўку для захопу Крывога Рогу і нанесла ўдары побач з Запароскай АЭСТаксама дробнымі аскепкамі ад выбухаў былі пашкоджаныя шыбы ў розных будынках станцыі. У выніку выбухаў адзін супрацоўнік АЭС атрымаў аскепкавае раненьне — яго даставілі ў гарадзкую бальніцу. Паводле «Энэргаатаму», усе расейскія вайскоўцы і пэрсанал расейскага «Расатама», які знаходзіўся на станцыі, загадзя схаваліся ў бункерах крызіснага цэнтру і цэнтра тэхпадтрымкі.
Тым часам расейскае агенцтва «Интерфакс» са спасылкай прэс-службу адміністрацыі акупаванага Энэргадару піша, што ракетны ўдар па тэрыторыі Запароскай АЭС нанесьлі Ўзброеныя сілы Ўкраіны.
Згодна з паведамленьнем агенцтва, АЭС абстралялі з «Ураганаў», «пры падлёце да энэргаблёкаў ракета пасьпела раскрыцца і выпусьціць аскепкавыя баявыя элемэнты». Адзначаецца, што ў зоне паражэньня аказаўся раён сухога сховішча адпрацаванага ядзернага паліва і пост аўтаматызаванага кантролю радыяцыйнага становішча. Пашкоджаныя адміністрацыйныя пабудовы і прылеглая тэрыторыя сховішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў»: пасьля абстрэлаў адключылі адзін з энэргаблёкаў Запароскай АЭС5 жніўня расейскія войскі чатыры разы абстралялі Запароскую АЭС.
6 жніўня «Энэргаатам» паведаміў, што вядзецца ліквідацыя наступстваў пашкоджаньняў азотна-кіслароднай станцыі і аб’яднанага дапаможнага корпуса, якія трапілі пад абстрэл 5 жніўня. Акрамя таго, паводле інфармацыі агенцтва, расейскія вайскоўцы занялі ўсе падвалы Запароскай АЭС.
Расейскі бок абвінаваціў у абстрэле АЭС украінскіх вайскоўцаў.
З 4 сакавіка Запароскую АЭС захапілі расейскія войскі. Таксама пад акупацыяй знаходзіцца і горад-спадарожнік ЗАЭС — Энэргадар.
6 жніўня гендырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі Рафаэль Марʼяна Гросі выказаў сурʼёзную занепакоенасьць наконт абстрэлу Запароскай АЭС, заявіўшы, што гэта павышае рызыку ядзернай катастрофы, і заклікаў усе бакі канфлікту праяўляць максымальную стрыманасьць каля ядзернай пляцоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МАГАТЭ папярэдзіў пра рызыку «ядзернай катастрофы» на Запароскай АЭС