«У выніку атакі на Запароскую АЭС на адным з энэргаблёкаў спрацавала аварыйная абарона, адключаны адзін з трох працуючых энэргаблёкаў», — паведаміў украінскі «Энэргаатам» раніцай 6 жніўня.
Кіраўнік Запароскай абласной адміністрацыі Аляксандар Старух заявіў, што «ў выніку пашкоджаньняў ліній электраперадач 4-ы энэргаблёк станцыі адключаны ад энэргасыстэмы і пераведзены ў рэзэрв».
Паводле інфармацыі «Энэргаатама», пашкоджаньні таксама атрымалі «азотна-кіслародная станцыя і аб’яднаны дапаможны корпус». «Застаюцца рызыкі ўцечкі вадароду і распыленьня радыеактыўных рэчываў, таксама высокая пажарная небясьпека», — заявіла ведамства.
Выданьне The Insider са спасылкай на свае крыніцы на Запароскай АЭС паведамляе пра падазроную актыўнасьць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі АЭС. У распараджэньні выданьня ёсьць відэа, на якім расейскія вайсковыя грузавікі заяжджаюць на тэрыторыю АЭС і разгружаюць нейкі груз. Крыніцы кажуць аб мініраваньні машыннай залі першага энэргаблёку электрастанцыі.
Паводле крыніцы, калёна вайсковых грузавікоў прыбыла на тэрыторыю АЭС 2 жніўня. Як кажа іншая крыніца выданьня, на тэрыторыі станцыі знаходзяцца каля 500 расейскіх салдат і вайсковая тэхніка, у тым ліку БТРы, зэнітныя ўстаноўкі і тэхніка для радыёхімічнай выведкі, а тэрыторыя вакол станцыі замінаваная расейскімі войскамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка Вялікай Брытаніі: дзеяньні расейскай арміі падарвалі бясьпеку Запароскай АЭС«Тое, што адбываецца на Запароскай АЭС — гэта ядзерны тэрарызм з боку Расеі. Уся ядзерная галіна Расеі павінна апынуцца пад санкцыямі, а сама Расея — у сьпісе краін-спонсараў тэрарызму», — пракамэнтаваў абстрэлы Запароскай АЭС кіраўнік Офіса Зялёнскага Андрэй Ярмак.
Напярэдадні да санкцый супраць расейскай атамнай галіны заклікаў прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
5 жніўня ўкраінская кампанія «Энэргаатам» паведаміла, што расейскія войскі нанесьлі некалькі ўдараў побач з прамысловай пляцоўкай Запароскай АЭС, у выніку абстрэлу пацярпела электрычная падстанцыя «Луч». Таксама, паводле «Энэргаатама», удары трапілі на пляцоўку АЭС каля аднаго з энэргаблёкаў, дзе знаходзіцца ядзерны рэактар. Былі пашкоджаныя азотна-кіслародная станцыя і аб’яднаны дапаможны корпус. У паведамленьні «Энэргаатаму» сьцьвярджаецца, што перад абстрэлам прадстаўнікі «Росатома» пакінулі станцыю.
Прадстаўнікі прызначанай Расеяй адміністрацыі Запароскай вобласьці заявілі, што тэрыторыю АЭС абстралялі ўкраінскія войскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША: «Расея выкарыстоўвае Запароскую АЭС як ядзерны шчыт»