Расьследнікі Bellingcat і The Insider ідэнтыфікавалі расейскага вайскоўца, які мог катаваць і пакараць сьмерцю ўкраінскага палоннага.
Раней у сеціве зьявіліся відэазапісы, на якіх, як мяркуецца, расейскі вайсковец катуе ўкраінскага палоннага, у тым ліку кастрыруе яго канцылярскім нажом. Радыё Свабода не публікуе запіс з этычных матываў. Твары вайскоўцаў на відэа ня бачныя, але расьсьледнікам удалося апазнаць іх па характэрных дэталях адзеньня і іншых прыметах, якія трапілі ў кадар.
Аўтары расьсьледаваньня ўстанавілі, што зьдзекі з ваеннапалоннага адбываліся на тэрыторыі санаторыя «Прывольле» ў Луганскай вобласьці і што ў катаваньнях маглі ўдзельнічаць вайскоўцы батальёну «Ахмат» — афіцыйна, гэта падразьдзяленьне расейскай Расгвардыі, аднак шматлікія расьсьледаваньні ўказваюць на тое, што яно падпарадкоўваецца наўпрост кіраўніку Чачэніі Рамзану Кадыраву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША адрэагавалі на абстрэл у Аленаўцы і зьдзек з украінскага палоннага: «Мы дамо Ўкраіне ўсё, што ёй трэба для абароны»The Insider паразмаўляў з адным з чальцоў батальёна, расейскім грамадзянінам з Тувы 1993 году нараджэньня. У тэлефоннай размове ён адмаўляў, што браў удзел у катаваньнях, а відэа назваў сфабрыкаваным. Аднак прызнаў, што на іншых відэа з удзелам батальёна «Ахмат», зьнятых на тэрыторыі камбіната «Азот» у Севераданецку, сапраўды ён.
Прааналізаваўшы кадры, расьсьледавальнікі прыйшлі да высновы, што чалавек, на відэа з «Азоту» і чалавек, захаваны на відэа з катаваньнямі палоннага — адна і тая ж асоба. Рэдакцыя The Insider называе ягонае імя.
Відэа з катаваньнямі і забойствам украінскага ваеннапалоннага выклікала жорсткую міжнародную рэакцыю. Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль асудзіў зьверствы ў дачыненьні да ваеннапалонных і запатрабаваў заклікаць да адказу як непасрэдных выканаўцаў катаваньняў, так і іх камандаваньне.
Ваеннапалонныя знаходзяцца пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі. Паводле нормаў міжнароднага права, забойства ваеннапалонных і жорсткае абыходжаньне зь імі адносяцца да ваенных злачынстваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН накіруе місію для расьсьледаваньня гібелі ўкраінскіх ваеннапалонных у калёніі ў Аленаўцы