Новыя абавязкі загадчыкаў юрыдычных кансультацый прадугледжаныя зьменамі ў пастанову Міністэрства юстыцыі № 106 ад 27 ліпеня, якое апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 чэрвеня.
У іх гаворыцца, што загадчык юрыдычных кансультацый цяпер «у межах кампэтэнцыі дае ўказаньні, абавязковыя для выкананьня адвакатамі, памочнікамі адваката, стажорамі адваката і работнікамі юрыдычнай кансультацыі».
Акрамя гэтага, загадчыкі юрыдычных кансультацый будуць «вызначаць парадак апавяшчэньня адвакатамі загадчыка аб сваім месцы знаходжаньня ў межах рэжыму працы юрыдычнай кансультацыі і графіка дзяжурстваў адвакатаў».
Таксама яны будуць кантраляваць выкананьне адвакатамі Правілаў прафэсійнай этыкі адваката пры распаўсюджваньні інфармацыі (у тым ліку праз камэнтары, ацэнкі) у СМІ, інтэрнэце, пры вядзеньні асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках і «ажыцьцяўленьні іншых дзеяньняў (бязьдзеяньні)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ 4 менскіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі, сярод іх — палітвязень Віталь БрагінецЗагадчыкі юрыдычных кансультацый таксама павінны цяпер даводзіць да ведама адвакатаў інфармацыю аб выяўленых недахопах у іх працы, забясьпечваць іх ліквідацыю і «выпрацоўваць адзіныя падыходы да арганізацыі адвакацкай дзейнасьці».
Адпаведныя зьмены ў пастанову Мінюсту набылі моц пасьля афіцыйнага апублікаваньня.
Летась у Беларусі зьмянілі закон аб адвакацкай дзейнасьці. У выніку зьменаў адвакаты пазбавіліся права працаваць індывідуальна і ў складзе адвакацкіх бюро — цяпер яны могуць працаваць толькі празь юрыдычныя кансультацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта канец незалежнасьці адвакатуры і адвакатаў». Юрысты пра новыя зьмены ў заканадаўстве аб адвакатуры