Частку з затрыманых судзілі за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), іншых — паводле артыкулу аб «супраціве міліцыі» (арт. 24.3 КаАП), паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Андрэй Бычыла прызначыў:
- 15 дзён арышту Сяргею Савічу па арт. 19.11,
- 15 дзён арышту Дзьмітрыю Быкаву па арт. 24.3,
- штраф памерам 30 б. в. (960 рублёў) Алесю Рамановічу па арт. 19.11,
- невядомае пакараньне Віктару Зельману па арт. 19.11,
- невядомае пакараньне Міхаілу Кавалевічу па арт. 19.11.
А судзьдзя Вольга Лубнік прызначыла:
- 15 дзён арышту Сяргею Супрановічу па арт. 24.3.
- Акрамя таго, Лубнік пачала судзіць Дзяніса Сядых, але ў паседжаньні быў абвешчаны перапынак да 14:30.
- Таксама судзілі Місюру (імя «Вясьне» невядомае), яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
У Пінску па палітычна матываваных справах арыштавалі або аштрафавалі 11 чалавек, паведаміў BPN праваабаронца Алесь Рамановіч, які сам быў затрыманы і пасьля аштрафаваны.
«Правялі рэйды па Пінску, прыйшлі ў тым ліку да мяне, — сказаў ён. — Пры затрыманьні працавалі жорстка. Арыштавалі грошы, якія належаць майму бацьку, — дзьве тысячы даляраў і 600 эўра. Яны былі ў кішэні спартыўных штаноў, у якіх мяне затрымалі».
Да суда Рамановіч быў у ізалятары часовага ўтрыманьня. 4 жніўня яго аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (960 рублёў) па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў), у яго таксама канфіскавалі тэлефон.
Па словах праваабаронцы, у пастанове на ператрус, зь якой прыйшлі да яго і іншых актывістаў, было пазначана, што ён «пакідае камэнтары ў чаце «Пінск для жыцьця».
«У камэры, дзе трымалі палітычных, не было нічога акрамя вядра з адходамі жыцьцядзейнасьці, вядра са сьмецьцем, вядра з вадой і кубачка. Бялізны не давалі, спалі на дошках на нарах», — зазначыў Рамановіч.
Праваабаронцы берасьцейскай «Вясны» раней паведамілі пра затрыманьні, якія 2 жніўня адбыліся ў Пінску. Сілавікі правялі па горадзе рэйд і затрымалі ня менш за 5 чалавек, сярод якіх тыя, каго раней неаднаразова затрымлівалі — Алесь Рамановіч і Дзяніс Сядых.
У дамах зрабілі вобшукі. Аднаму з затрыманых, згодна з папярэдняй інфармацыяй, пагражае крымінальны артыкул за распальваньне варожасьці.
У ліпені такія самыя зачысткі праходзілі ў Янаве, Драгічыне, Пружанах, Мазыры і іншых гарадах на поўдні Беларусі. Многія затрыманьні зьвязаныя з пошукам тых, хто мог фатаграфаваць перамяшчэньне расейскай тэхнікі па беларускіх дарогах для наступнага нападу на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 жніўня: пэнсіянэра судзяць за заклікі да пратэсту і абразы Лукашэнкі; затрыманьні ў Браславе, Магілёве, Менску і Пінску