Ва Ўкраіне колькасьць прыхільнікаў Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату скарацілася да 4%

Зьнішчаная расейскай атакай царква ў Святагорскім манастары Данецкай вобласьці

Сацыёлягі Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі, які дасьледавалі рэлігійную ідэнтыфікацыю ўкраінцаў, канстатавалі, што ў сьвядомасьці ўкраінскіх грамадзян праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату істотна страціла прыхільнікаў праз асацыяцыю з расейскім агрэсарам.

Згодна з апытаньнем

  • 72% украінцаў лічаць сябе праваслаўнымі,
  • 8% — вернікамі Грэка-каталіцкай царквы,
  • 1% — Рымска-каталіцкай,
  • па 2% — пратэстанцкай і іншых хрысьціянскіх цэркваў.
  • Пры гэтым 10% апытаных назвалі сябе атэістамі і яшчэ
  • 5% назвалі іншую канфэсію або не змаглі адказаць на пытаньне.

З тых, хто назваў сябе праваслаўным:

  • 54% паведамілі, што зьяўляюцца вернікамі новастворанай аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Ўкраіны,
  • 14% не канкрэтызавалі праваслаўную царкву,
  • 4% адносяць сябе да прадстаўніцтва Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату).

Паводле сацыёлягаў, у параўнаньні з чэрвенем 2021 году колькасьць тых, хто ідэнтыфікуе сябе з Праваслаўнай царквой Украіны, павялічылася з 42% да 54%. Пры гэтым з 18% да 4% скарацілася частка тых, хто ідэнтыфікуе сябе з Украінскай праваслаўнай царквой Маскоўскага патрыярхату.

Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) стала пераемніцай Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, якую з падачы маскоўскіх сьвятароў лічылі раскольніцкай. Тры гады таму Праваслаўная царква Ўкраіны, да якой далучыліся і некалькі прадстаўнікоў Маскоўскага патрыярхату, атрымала Томас аб аўтакефаліі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усяленскі патрыярх уручыў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны. ВІДЭА

Агрэсія Расеі супраць Украіны актывізавала новую хвалю пераходу цэркваў, што належалі да Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (РПЦ), у Праваслаўную царкву Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейская агрэсія ва Ўкраіне актывізавала пераход з РПЦ у аўтакефальную царкву

У ліпені 20200-га стала вядома, што духавенства Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ) і Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату падпісалі дэклярацыю аб пачатку дыялёгу аб пэрспэктыве адзінства ўкраінскага праваслаўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўная царква Ўкраіны і духавенства УПЦ Маскоўскай патрыярхіі пачалі дыялёг аб адзінстве ўкраінскага праваслаўя