Праект #FreeAllWords створаны дзеля падтрымкі ўкраінскіх і беларускіх аўтараў, якія працягваюць займацца творчасьцю ва ўмовах расейскай ваеннай агрэсіі на тэрыторыі Ўкраіны і жорсткага задушэньня свабоды слова і самавыяўленьня з боку беларускай дзяржавы.
«Мы хочам пабудаваць мост свабоды слова, дэмакратыі і ўзаемаразуменьня паміж аўтарамі, культурамі, народамі і мовамі. Нашым калегам ужо не патрэбны адкрытыя лісты, але ім патрэбны друкаваныя радкі, хвіліны эфіру і онлайн-фарматы, каб расказаць свае гісторыі і пратрансляваць сваё асабістае бачаньне таго, што адбываецца. Менавіта таму мы арганізуем гэту адчувальную дапамогу», — адзначае Ніна Георге, пісьменьніца і Старшыня Эўрапейскай рады пісьменьнікаў (EWC).
На сайце #FreeAllWords будуць публікавацца творы ўкраінскіх і беларускіх пісьменьнікаў у перакладзе на шматлікія мовы Эўропы. Усяго плянуецца зрабіць пераклад ня меней за 100 твораў (тэксты, эсэ, інтэрвію, вершы); усе працы будуць разьмешчаны на сайце праекта ў адпаведнасьці з нормамі аўтарскага права. Таксама творы будуць друкавацца ў прэсе і разьмяшчацца на некамэрцыйных партнэрскіх рэсурсах той краіны, на мове якой зроблены пераклад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Альгерд Бахарэвіч даведаўся, што зробяць зь ягонымі кнігамі, прызнанымі «экстрэмісцкімі»Эўрапейская рада пісьменьнікаў (European Writersʼ Council (EWC) — фэдэрацыя, у якую ўваходзяць 46 пісьменьніцкіх і перакладчыцкіх арганізацый з 30 краінаў Эўразьвязу, а таксама Беларусі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Турцыі і інш. Агулам Рада прадстаўляе інтарэсы каля 160 000 аўтараў, якія ствараюць тэксты на 31-й мове.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся сайт пра Ўладзімера Мацкевіча. Філёзаф ужо год у турме