Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага на 20 гадоў зьняволеньня, у мазырскую калёнію этапавалі ў канцы траўня. З таго часу на палітвязьня бесьперапынна чыняць ціск, паведамляюць праваабаронцы: Ігара з надуманых прычынаў утрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 дзён, пасьля чаго перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу.
Нядаўна стала вядома, што 8 жніўня адбудзецца суд па ўзмацненьні рэжыму і пераводзе Ігара Аліневіча ў турму. Справу будзе разглядаць судзьдзя Мазырскага раёна Валянціна Новікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асуджаным на 18–20 гадоў анархістам перад накіраваньнем у калёніі далі спатканьні з родныміЗдароўе экс-журналісткі БТ Ксеніі Луцкінай застаецца пад пагрозай. Яе справу перадалі ў суд
«Пакуль ніякіх навінаў па даце суда няма. Адвакат у бліжэйшы час павінна наведаць яе — можа, будзе нешта вядома», — распавялі родныя Ксеніі «Народнай Волі».
Ксенію Луцкіну абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Яна па-ранейшаму застаецца пад вартай. У палітвязьня па-ранейшаму сур’ёзныя праблемы са здароўем, паведамляе яе бацька. Раней паведамлялася, што ў яе ў мозгу расьце пухліна, з-за гэтага ўвесь час баліць галава.
«Нічога ў лепшы бок не памянялася», — кажа яе бацька.
Апошні ліст ён атрымаў ад Ксеніі прыкладна тыдзень таму:
«Засмучаная яна, вядома. Не чакала такога павароту...»
Адвакат наведвае Ксенію кожны тыдзень. Бацька бачыўся зь ёй двойчы — калі сьледчыя дзеяньні завяршыліся, яму дазволілі сустрэцца з дачкой: «Як выглядае?.. З-за хваробы і пастаяннага стрэсу ў яе трэмор у руках... Двойчы ёй рабілі МРТ, здаецца, летась і ў гэтым годзе. Можа, перад судом зноў адвязуць на абсьледаваньне... Пакуль усе лекі, якія яна просіць, ёй перадаюць. Плакала на спатканьні з дзіцем, і дзіця таксама вельмі плакала... Як і што далей будзе — пажывем, убачым, не будзем загадваць...»