Амэрыканскую баскетбалістку ў Расеі асудзілі на 9 гадоў калёніі

Брытні Грайнэр у судзе

Суд у падмаскоўных Хімках прыгаварыў да дзевяці гадоў калёніі амэрыканскую баскетбалістку Брытні Грайнэр. Яе прызналі вінаватай у кантрабандзе наркотыкаў.

Грайнэр затрымалі ў лютым у аэрапорце Шарамецьева. У яе сумцы знайшлі гашышавы алей для вэйпу. Гэтае рэчыва забароненае да абароту ў Расеі, але легальнае ў некаторых штатах ЗША.

Грайнэр выступала за екацерынбурскі жаночы баскетбольны клюб УГМК. У складзе нацыянальнай зборнай ЗША яна двойчы выйгравала Алімпійскія гульні. У траўні ЗША прызналі Грайнэр «неправамерна затрыманай» і перадалі яе справу спэцыяльнаму пасланьніку прэзыдэнта Злучаных Штатаў у справах закладнікаў.

Расея і ЗША абмяркоўваюць магчымы абмен Грайнэр і яшчэ аднаго асуджанага ў Расеі амэрыканца, Пола Ўілана, на расейцаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў ЗША. Вашынгтон прапануе да абмену прыгаворанага да 25 гадоў турмы за гандаль зброяй расейца Віктара Бута.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блінкен і Лаўроў правялі тэлефонныя перамовы пра абмен вязьнямі

Агенцтва Bloomberg паведамляла, што Масква настойвае на абмене толькі Грайнэр на Бута ці двух чалавек на двух.