Уладзімер Мацкевіч правёў у няволі 365 дзён, але ягоная справа жыве і не спыняецца: выходзяць кнігі, ствараецца аўдыёпраект. Ужо зьявіўся сайт пра філёзафа і мэтадоляга.
Калегі Ўладзімера Мацкевіча, кампанія «Філёзаф у турме», запусьцілі яго пэрсанальны сайт https://matskevich.org. На ім ужо можна знайсьці асноўныя кнігі, тэксты, відэа і адукацыйныя курсы. Старонка будзе папаўняцца матэрыяламі розных гадоў і на розныя тэмы.
4 жніўня 2022 году на плятформе Kikstarter стартуе кампанія па запісе аўдыёкніжкі «Свабода і Мысьленьне: эсэ аб грамадзянскай супольнасьці», задуманая шэрагам грамадзянскіх ініцыятыў, у тым ліку выпускніцамі(-камі) Лятучага ўнівэрсытэту, чытачамі Мацкевіча, якія хацелі б падзяліцца ягонымі ідэямі зь вялікай колькасьцю актыўных людзей Беларусі.
Партнэрамі выступаюць «Нацыя лідэраў», «Беларусы замежжа», «Беларускі моладзевы хаб», «Маланка», Zubr, «Лятучы ўнівэрсытэт», кампанія «Філёзаф у турме».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы ладзяць імпрэзу, прысьвечаную літаратуры беларускіх палітвязьняў«Чалавек Мацкевіч ужо год, з 4 жніўня 2021 году, у турме, але на філёзафа Мацкевіча гэта не паўплывала. Мацкевіч заўсёды выдатна ўсьведамляў і гэтую перавагу, і зьвязаную з гэтым адказнасьць. Іранічна, на ўсе папярэджаньні аб арышце ён адказваў: «Я ж філёзаф, я — ваша думка, хто ж мяне пасадзіць?».
За гэты год выйшлі дзьве новыя кнігі Мацкевіча — «Адказваючы за сябе. Зацемкі філёзафа са шкодным характарам» і «Свабода і мысьленьне. Эсэ аб грамадзянскай супольнасьці».
У першай кнізе Мацкевіч зьвяртаецца да неабходнасьці філязофіі для ўладкаваньня краіны.
«Ніводная рэвалюцыя не магчымая без сучаснай і адначасовай ёй філязофіі», — піша ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турмуУ другой кнізе ён аналізуе грамадзянскую супольнасьць, якая пераўтворыць Беларусь, асвойваючы і ўсталёўваючы кантроль над усімі абласьцямі жыцьця нацыі.
У лютым 2022 году Мацкевіч аб’явіў галадоўку. Ён патрабаваў зьмены характару сьледчых дзеяньняў у дачыненьні да яго: калі вы мяне сабраліся судзіць, то судзіце неадкладна! І гэта было тым дзеяньнем, якое выклікала самую шырокую грамадзкую рэакцыю. У падтрымку Мацкевіча выказаліся сотні навукоўцаў, літаратараў, філёзафаў з усяго сьвету, сярод якіх аўстралійскі філёзаф Пітэр Сінгер, польскі інтэлектуал Адам Міхнік, грузінскі філёзаф Гія Нодыя, вугорскі дысыдэнт і пісьменьнік Далаш Д’ёрдзь і многія іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Мацкевіч адмовіўся ад апэляцыі на прысуд, пакараньне анархістам пакінулі бязь зьменаўУладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка;
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход»;
- ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) за відэазапіс на YouTube-канале.
23 чэрвеня гэтага году Мацкевічу прысудзілі 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Цяпер палітвязьня ўтрымліваюць у турме ў Магілёве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладзімер Мацкевіч з турмы: «Сядзець за кратамі ня страшна, калі ёсьць сябры»