«Красаўцы». Трэйлер падкасту Свабоды пра вайну сілавікоў супраць беларусаў у 2020 годзе

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода прэзэнтуе падкаст «Красаўцы. Вайна супраць народу ў жніўні 2020». Ён расказвае аб пратэстах пасьля выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Ня толькі пра падрыхтоўку і сам гвалт, але пра іх страхі і слабасьці. Як усё выглядала знутры. Падпісацца: https://podfollow.com/1638304977

9 жніўня Радыё Свабода прадставіць першы эпізод наратыўнага падкасту “Красаўцы. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га”. Ён расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з пэрспэктывы сілавікоў. Ня толькі пра іх падрыхтоўку і сам гвалт, але пра іх страхі і слабасьці. Пра тое, як усё выглядала знутры. Пра гэта расказваюць былыя сілавікі, чыноўнікі і тыя, хто пра ўсё вырашаў, хоць і ня думаў, што пра гэта стане вядома.

Хто даваў загады? Як рыхтавалі гвалт? Калі сілавікі адчувалі разгубленасьць? Як яны паміж сабой абмяркоўвалі Лукашэнку і мірных пратэстоўцаў? Як паступаў загад на катаваньні? Чаму сілавікі не перайшлі на бок народу? У падкасте гучаць галасы высокапасталеных супрацоўнікаў МУС, шараговых міліцыянтаў, былых і дзейных супрацоўнікаў.

У “Красаўцах” шмат унікальных аўдыё 2020 году і эксклюзіўных сьведачаньняў удзельнікаў і назіральнікаў, запісаных намі адмыслова для гэтага праекту.

Слухаючы падкаст, вы нібы апынецеся ля Стэлы, у дворыку турмы на Акрэсьціна, у аўтазаку ці міліцэйскім кабінэце. Будзеце стаяць разам нобэлеўскай ляўрэаткай Святланай Алексіевіч ля вакна вечарам 9 жніўня і глядзець на баявыя дзеяньні ля Стэлы. Разам з былым сьледчым Андрэем Астаповічам убачыце кроў людзей на асфальце 10 жніўня. З дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай здолееце перажыць ноч пасьля дня галасаваньня і вымушаны ад’езд. З былым начальнікам Валадаркі Алегам Алкаевым паразважаеце, чаму сілавікі не падтрымалі мірную рэвалюцыю, а з былым супрацоўнікам Адміністрацыі прэзыдэнта Анатолем Котавым – чаму ўрадоўцы ня здалі Лукашэнку. З былым супрацоўнікам ГУБАЗіКу Аляксадрам Азаравым пачуеце шэпт калегаў пра тое, што выбары фальсыфікаваныя.

Дзякуючы групоўцы “Кібэрпартызаны” і ініцыятыве ByPol e сеціве зьявіліся гадзіны тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства пра падаўленьне пратэстаў. Запісы гэтых размоў рабілі спэцслужбы Беларусі, але базу дадзеных з гэтымі файламі потым узламалі “кібэрпартызаны”. Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыё.

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт (люстэрка)​

Youtube

Apple Podcasts

Google Podcasts (хутка будзе)

Castbox

Spotify

Soundcloud

PodcastAddict

Яндекс Музыка​

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.