Пачалося вывяржэньне вулькану Фаградальсф’ял, якому папярэднічала павелічэньне актыўнасьці землятрусаў у гэтым раёне. Каля міжнароднага аэрапорту Кефлавік, што за 32 кілямэтры ад Рэйк’явіку, аб’яўлены «чырвоны код» небясьпекі з забаронай палётаў над гэтай тэрыторыяй. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на мэтэаралягічную службу Ісьляндыі (IMO).
Мясцовыя інфармацыйныя агенцтвы апублікавалі відэа, на якім відаць, як лава і дым вырываюцца з расколіны ў зямлі на схіле гары Фаградальсф’ял.
Турыстам і жыхарам рэкамэндуюць пазьбягаць гэтага раёну з прычыны атрутных газаў. Непасрэднай рызыкі пашкоджаньня крытычнай інфраструктуры няма.
Самалётам забаронена пралятаць над месцам вывяржэньня, але для агляду сытуацыі ў раён накіраваны верталёты.
«Пакуль перабояў з рэйсамі ў Ісьляндыю і з Ісьляндыі не было, а міжнародныя калідоры палётаў застаюцца адкрытымі», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС краіны.
Летась у гэтым раёне ўжо было вывяржэньне. Яно стала першым на ісьляндзкім паўвостраве Рэйк’янэс амаль за 800 гадоў. Паўгода ішлі патокі лавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы людзей эвакуавалі на востраве Пальма праз вывяржэньне вулькана ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывяржэньне вулькана на востраве Ява ў Інданэзіі: 13 чалавек загінулі