Zerkalo.io са спасылкай на праваабаронцаў і карыстальнікаў сацсетак паведамляе пра затрыманьне двух беларусаў, што некалькі гадоў жывуць у Польшчы і дапамагаюць суайчыньнікам, якія там апынуліся. Абодва нядаўна прыехалі на радзіму ў госьці да сваякоў.
Адзін з затрыманых беларусаў — прадпрымальнік зь Віцебску Барыс Элькін, які займаецца будаўнічым бізнэсам у Польшчы і час ад часу прыяжджаў на радзіму да сваякоў.
1 жніўня яго затрымалі ў Віцебску, а ў доме правялі ператрус. Прычыны затрыманьня дакладна не вядомыя, паведамляе «Віцебская вясна».
У 2004 годзе ў Віцебску прадпрымальнікі ўчынілі галадоўку супраць створаных мясцовымі ўладамі перашкодаў для гандлю, Барыс Элькін быў адным зь яе арганізатараў. Пасьля 2010 году ён пераехаў у Польшчу і стаў сузаснавальнікам кампаніі Bel.Pol.Bud.spzoo, якая наймае на працу беларусаў і дапамагае ўцекачам з Украіны.
Паводле інфармацыі крыніц «Віцебскай вясны», бізнэсмэна маглі затрымаць за фатаздымкі зь беларускай нацыянальнай сымболікай у сацсетках, якія кваліфікуюцца сілавікамі як несанкцыянаваны пікет.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ехалі, бо думалі, што „ўжо ціха“». Як беларусы вяртаюцца з-за мяжы і трапляюць за кратыДругі беларус, Раман Галуза родам з Жабінкі, жыў у Польшчы апошнія 9 гадоў. 19 ліпеня ён прыехаў на радзіму і зьнік: пра яго месцазнаходжаньне нічога не было вядома, а пошукава-ратавальны атрад «Юго-Запад» у сацсетках абвясьціў яго пошукі.
2 жніўня ў акаўнтах пошукавікаў зьявілася інфармацыя, што Галуза жывы і яго месцазнаходжаньне ўстаноўлена — безь якіх-небудзь падрабязнасьцяў.
А адзін зь беларускіх блогераў, якія жывуць у Польшчы, расказаў у Instagram, што Раман знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
У Польшчы Галуза скончыў унівэрсытэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валянтэрствам — у тым ліку дапамагаў беларускім уцекачам. Пасьля 19 ліпеня, калі ён перасек польска-беларускую мяжу, высьветліць пра ягоны лёс нічога не ўдавалася — не дапамагла нават напісаная бабуляй заява ў міліцыю.
Па словах аўтара публікацыі ў Instagram, затрыманьне Рамана магло быць загадзя сплянавана беларускімі сілавікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады зьбіраюцца зрабіць больш строгімі ўмовы выезду зь Беларусі. Каго гэта можа зачапіць?