БАЖ заклікала адмяніць прысуд Ірыне Слаўнікавай: «Журналісты — не экстрэмісты, а іншадумства — не злачынства»

Ірына Слаўнікава

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) заклікала адмяніць вынесены 3 жніўня вырак палітзьняволенай журналістцы Ірыне Слаўнікавай — 5 гадоў калёніі — і неадкладна вызваліць усіх прадстаўнікоў мэдыя, якія цяпер у няволі.

«Гэтым вэрдыктам закрыты суд у Гомлі фактычна прыраўнаваў права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі да экстрэмісцкай дзейнасьці», — гаворыцца ў заяве БАЖ.

БАЖ канстатуе, што ўлады працягваюць перасьледаваць журналістаў за ажыцьцяўленьне іх права на свабоду слова, «але журналісты — не экстрэмісты, і іншадумства не зьяўляецца злачынствам».

Арганізацыя выказала сваю падтрымку і павагу Слаўнікавай і «ўсім іншым калегам, якія знаходзяцца за кратамі». Паводле зьвестак БАЖ, на сёньня ў няволі 29 прадстаўнікоў мэдыя.

Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў таксама асудзіла вырак Слаўнікавай.

«Гэтым ганебным і нелегітымным прысудам беларускае правасудзьдзе прыраўноўвае права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае Эўрапейскай канвэнцыяй па правах чалавека, да экстрэмісцкай дзейнасьці», — заявіла прэзыдэнтка ЭФЖ Мая Север.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістцы Слаўнікавай прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня — больш, чым прасіў пракурор

3 жніўня Гомельскі абласны суд прыгаварыў палітзьняволеную журналістку Ірыну Слаўнікаву да 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Судзьдзя Мікалай Доля прызнаў яе вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, якія пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту) і ч. 1 арт. 3611 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем) Крымінальнага кодэксу.

26 ліпеня дзяржабвінаваўца Ірына Падкавырава прасіла суд прыгаварыць Слаўнікаву да 4 гадоў пазбаўленьня волі, але суд даў больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага журналіста «Прессбола» за антырасейскія выказваньні
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд аб’яднаў разгляд трэцяга пазову «Менсктрансу» да Грузьдзіловіча за нібыта спыненьне транспарту ў адну справу зь іншым падсудным