Павал Вінаградаў мае праблемы са здароўем
Палітвязень Павал Вінаградаў, у якога раней выявілі пляму ў лёгкіх, прайшоў у калёніі курс антыбіётыкаў. Гэта не дапамагло, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
13 ліпеня стала вядома, што ў ваўкавыскай калёніі № 11 Вінаградаву зрабілі рэнтген і знайшлі пляму ў лёгкіх. Яго лячылі антыбіётыкамі ў надзеі, што гэта пнэўманія.
Сёньня стала вядома, што 28 ліпеня Вінаградава перавялі ў аршанскую папраўчую калёнію № 12, дзе ўтрымліваюцца і лечацца асуджаныя, хворыя на актыўную форму сухотаў.
Таксама паведамляецца, што Вінаградава пазбавілі працяглага спатканьня за сон днём — цяпер палітвязень афіцыйна прызнаны «злосным парушальнікам рэжыму».
Адрас палітвязьня: ПК № 12, 211381, Віцебская вобласьць, Ворша, вул. Смаленская, 2, Павал Юр’евіч Вінаградаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзкаму дзеячу Паўлу Вінаградаву прысудзілі 5 гадоў пазбаўленьня воліЯўгену Юшкевічу не перадалі ніводнага ліста з віншаваньнямі да Дня народзінаў
Былы сьледчы і ініцыятар праекта ByChange Яўген Юшкевіч даслаў ліст, у якім напісаў, што мінулыя тыдні былі цяжкімі і стрэсавымі, але прычыну не паведаміў. Праз тое, што лісты да яго не даходзяць, ён кажа, што пасылкі сталі «глытком паветра»:
«Заказвайце малюнкі — буду маляваць вучыцца. Можа, хто потым і паштоўку зробіць. Піў два глыткі яблычнага соку. Гэта цэлая падзея. У жаху, што зьніклі расейскія часопісы (ці гэта толькі ў нас?) і няма дзе чытаць рэальныя навіны. На мой ДР 21 ліпеня прыйшло роўна 0 лістоў. Дзякуй любімай дзяржаве і цэнзару, што засьцерагаюць небясьпечнага магістра права і праграміста, які дапамагаў сілавікам, ад віншаваньняў. PS: хабарнікам даюць па два-тры гады, такім як я — па 17-19. С-справядлівасьць».
Паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», Юшкевіч знаходзіццца у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. Былога сьледчага абвінавачваюць па трох артыкулах КК — «Удзел у масавых беспарадках», «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і «Акт тэрарызму». Пра пачатак судовага працэсу па справе Юшкевіча нічога не паведамлялася. Паводле абноўленага заканадаўства, за злачынства па артыкуле «Акт тэрарызму» абвінавачанаму можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: выйшаў на волю шматдзетны бацька Мікалай ШэметаўАлена Гнаўк ужо месяц знаходзіцца ў карцары
Як стала вядома Свабодзе, Алена Гнаўк ужо месяц знаходзіцца ў карцары.
«Сядзіць у карцары, паколькі не хоча прадстаўляцца, што схільная да суіцыду і шкодніцтву і г. д., а таксама за тое, што адмаўляецца прыбраць камэру. А апошнім часам нават адмаўляйся назваць сваё імя. Нядаўна яе наведаў адвакат. Суд па апэляцый пройдзе 9 жніўня», — паведамілі знаёмыя палітзьняволенай.
17 чэрвеня палітзьняволеную Алену Гнаўк асудзілі на тры з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 3200 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Алену Гнаўк два тыдні трымаюць у карцары; аднавіўся закрыты працэс над Ірынай Слаўнікавай