БХК накіраваў спэцдакладчыкам ААН паведамленьне аб катаваньнях, праве на здароўе, незалежнасьць судзьдзяў і адвакатаў, а таксама аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Там выкладзена інфармацыя пра грубыя парушэньні правоў чалавека ў дачыненьні абвінавачаных у справе Мікалая Аўтуховіча.
«У прыватнасьці, мы паведамілі, што абвінавачаныя ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, зазнаюць псыхалягічныя і фізычныя катаваньні: іх, у прыватнасьці, пазбаўляюць сувязі і не аказваюць неабходнай мэдыцынскай дапамогі.
Мы зьвярнулі ўвагу спэцыяльных дакладчыкаў на тое, што Мікалай Аўтуховіч ужо 22 дні трымае сухую галадоўку на знак пратэсту супраць абмежаваньняў ліставаньня, а таксама расказаў пра цяжкі стан здароўя і бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня».
У дакладзе БХК пералічыў факты жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні Ўладзімера Гундара, які прайшоў галадоўку ў знак пратэсту супраць таго, што суд не рэагаваў на яго патрабаваньні, а таксама ў адказ на прымусовае разьдзяваньне перад судовым працэсам. Таксама праваабаронцы перадалі скаргі Галіны Дзербыш, Любові і Сяргея Разановічаў, Ірыны Мельхер на праблемы са здароўем, а таксама Паўла Разановіча на фізычныя і псыхалягічныя катаваньні, каб прымусіць яго падпісаць загадзя падрыхтаваныя паказаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае паседжаньнеХоць суд над Аўтуховічам быў зроблены адкрытым, фактычна пусьцілі на яго толькі некалькі сваякоў і прадстаўнікоў выключна дзяржаўных СМІ.
БХК падкрэсьліў, што ёсьць падставы лічыць, што такія дзеяньні накіраваныя на тое, каб утаіць ад праваабаронцаў і грамадзкасьці факты працэдурных парушэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Хэльсынскі камітэт стаў кансультантам аднаго з галоўных органаў ААН, нягледзячы на пазбаўленьне яго рэгістрацыі