Журналістцы Слаўнікавай прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня — больш, чым прасіў пракурор

Ірына Слаўнікава ў судзе. Гомель, 3 жніўня

Судзьдзя Мікалай Доля прызнаў Ірыну Слаўнікаву вінаватай у «арганізацыі пратэстаў» і «кіраваньні экстрэмісцкім фармаваньнем» і пакараў яе на 1 год даўжэйшым зьняволеньнем, чым прасіў пракурор.

Закрыты працэс над журналісткай TVP Ірынай Слаўнікавай пачаўся 23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе і ішоў з перапынкамі. Дэталі разгляду справы журналісткі малавядомыя. 26 ліпеня пракурор запрасіў для Слаўнікавай 4 гады зьняволеньня.

Як паведамляе «Белсат», 3 жніўня судзьдзя Мікалай Доля (менавіта ён агучыў прысуд у «справе Ціханоўскага») прысудзіў Слаўнікавай 5 гадоў зьняволеньня. Гэта на 1 год больш, чым запрасіў для журналісткі Ірыны Слаўнікавай пракурор на працэсе.

Журналістку прызналі вінаватай у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), і «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК).

Як піша Праваабарончы цэнтар «Вясна», паводле абвінавачаньня, Слаўнікава нібыта «ў 2020-2021 гадах аб’яднала групу грамадзян, якія пад яе кіраваньнем і кантролем стваралі і разьмяшчалі экстрэмісцкія матэрыялы на шматлікіх польскіх мэдыярэсурсах, разьмяркоўвала ролі, карэктавала навінавы парадак дня, матэрыяльна забясьпечвала і фінансавала дзейнасьць злачыннай групы, якая паводле ініцыятывы УСК па горадзе Менску Міністэрствам унутраных спраў прызнана экстрэмісцкім фарміраваньнем, а яе дзейнасьць забароненая на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Гаворка тут вядзецца пра тэлеканал «Белсат». Акрамя таго суд прызнаў, што яна сама прымала актыўны ўдзел у акцыях пратэсту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў для журналісткі Ірыны Слаўнікавай 4 гады зьняволеньня

2 жніўня беларускія журналісты зладзілі пікет каля сядзібы прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Варшаве на вул. Яснай 14/16а, побач з будынкам TVP, паведаміў «Белсат». Падчас якой накіравалі пэтыцыю з просьбай увесьці санкцыі супраць тых, хто мае дачыненьне да перасьледу журналістаў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У зьняволеных беларускіх журналістаў зьявіліся «хросныя» ў Бундэстагу

Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі 30 кастрычніка 2021 году ў менскім аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку. Сужэнцы адседзелі па 30 дзён адміністрацыйнага арышту: першыя 15 нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», другія 15 — за «дробнае хуліганства».

Празь нейкі час стала вядома, што Ірына Слаўнікава зрабілася падазраванай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). А ў канцы красавіка 2022 году бацька Ірыны Аляксандар Слаўнікаў даведаўся, што ягонай дачцэ выставілі новае абвінавачаньне — у «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня».

На пачатку чэрвеня Ірыну зь менскага СІЗА на Валадарскага перавялі ў гомельскае СІЗА № 3.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыць трэба тут, на Радзіме, і спрабаваць штосьці зьмяніць». Судзяць журналістку Ірыну Слаўнікаву