З порту Адэсы выйшаў першы за час вайны карабель з украінскім зернем. У чарзе яшчэ 16 сухагрузаў. ВІДЭА

Сухагруз RAZONI выходзіць з парта Адэсы. 1 жніўня 2022

Першым стартуе сухагруз RAZONI пад сьцягам Сьера-Леонэ накіроўваецца ў порт Трыпалі ў Лібане з 26 тысячамі тон украінскай кукурузы.

Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў паведаміў, што раніцай 1 жніўня ў Чорнае мора выйшаў першы з пачатку расейскай вайны ва Ўкраіне карабель з украінскім зернем.

«Сёньня Ўкраіна разам з партнэрамі робіць чарговы крок, каб папярэдзіць голад у сьвеце. Разблякаваньне партоў дасьць сама меней 1 мільярд даляраў валютнай выручкі для (украінскай эканомікі) і магчымасьць для аграрнага сэктару сплянаваць пасяўную налета», —заявіў Аляксандар Кубракоў.

Сухагруз Razoni, Адэса, 1 жніўня 2022

Паводле яго, першым стартуе сухагруз RAZONI пад сьцягам Сьера-Леоне накіроўваецца ў порт Трыпалі ў Ліване з 26 тысячамі тон украінскай кукурузы.

Аляксандар Кубракоў таксама паведаміў, што на чарзе яшчэ 16 гандлёвых караблёў, якія былі заблякаваныя з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.

«У наступныя тыдні пры падтрымцы нашых партнэраў мы плянуем выйсьці на поўную магутнасьць перавалкі сельскагаспадарчай прадукцыі», – паведаміў міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў.

Што папярэднічала

Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну з 24 лютага заблякавала Чорнае мора для праходу гандлёвых суднаў.

Акваторыю мора замінавалі як расейскі, так і ўкраінскі бок — з мэтай не дапусьціць высадкі расейскіх дывэрсійных груп на ўзьбярэжжа Адэсы.

Адначасова расейскія войскі зьнішчылі некалькі вялікіх тэрміналаў, у якіх захоўвалася зерне мінулага ўраджаю, а пасьля акупацыі часткі ўкраінскага поўдня збожжа выкрадалі і перавозілі ў Крым для наступнага продажу на замежных рынках.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў вострава Зьмяінага ў Чорным моры зьявілася магчымасьць пастаўляць украінскае збожжа на сусьветны рынак па Дунаі, але не ў такіх вялікіх аб’ёмах, якіх патрабуе сусьветны рынак.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш ня раз заяўляў, што ўжо ў 2022 годзе ў шэрагу краін можа наступіць голад, а ў 2023-м будзе яшчэ горш. Вайну ва Ўкраіне ён назваў адной з галоўных, але не адзінай прычынай гэтага.

ААН разам з Турэччынай сталі пасярэднікамі ў перамовах Расеі і Ўкраіны аб разблякаваньні марскога шляху паставак.

У выніку 22 ліпеня ў Стамбуле было падпісана пагадненьне аб вывазе з Украіны збожжа і іншых харчовых тавараў праз украінскія чарнаморскія парты – ва ўмовах расейскага ўварваньня. Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі падпісалі два асобныя пагадненьні з прадстаўнікамі ААН і Турэччыны, якія павінны стаць гарантамі дамоўленасьцяў.

Паводле падпісаных дакумэнтаў, у Чорным моры павінны разблякаваць тры ўкраінскія парты: Адэса, Чарнаморск і Южны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі (у цэнтры) у атачэньні амбасадараў розных краін і прадстаўнікоў ААН наведвае порт у Чарнаморку падчас пагрузкі збожжа на турэцкае судна, 29 ліпеня 2022

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветныя цэны на пшаніцу рэзка вырасьлі пасьля ўдару па Адэсе

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.