Латвія з 1 жніўня прыпыніць спрошчаны рэжым праезду жыхароў памежных рэгіёнаў Расеі

Рыга

У Рызе растлумачылі, што пагадненьне аб малым памежным руху паміж Латвіяй і Расеяй было заключана ў 2010 годзе з мэтай спрашчэньня ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый. Але цяпер зьмянілася палітычная абстаноўка.

Раней афіцыйная Рыга ў адказ на паўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну 24 лютага прыпыніла выдачу грамадзянам Расеі візаў, у тым ліку памежных, ва ўсіх дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтвах Латвіі за мяжой, паведамілі латвійскія СМІ.

У сувязі з рашэньнем Расеі закрыць латвійскае консульства ў Пскове выдача памежных дазволаў стала немагчымай, бо гэта было адзінае дыпляматычнае і консульскае прадстаўніцтва Латвіі за мяжой, якое выдавала такія дазволы грамадзянам РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі плянуюць вярнуць прызыў на вайсковую службу

Урад Латвіі таксама ўвёў санкцыі супраць расейскіх грамадзян і кампаній, МЗС краіны заклікаў жыхароў Латвіі ўстрымацца ад паездак у Расею.

Кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс на гэтым тыдні заявіў, што Эўразьвяз павінен разгледзець магчымасьць прызнаньня Расеі дзяржавай-спонсарам тэрарызму. Ён таксама паўтарыў прапанову ўвесьці на ўзроўні ЭЗ забарону на выдачу эўрапейскіх турыстычных візаў грамадзянам РФ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Газпром» спыніў пастаўкі газу ў Латвію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку вайны ў Латвію не пусьцілі 12 беларусаў, якія «маглі ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы»