Колькасьць загінулых у выніку штормаў, апоўзьняў і паводак у Іране ўзрасла да 56 чалавек

Паводкі ў Іране

Лічбу пацьвердзілі афіцыйныя асобы дзяржавы.

Дзясяткі людзей па-ранейшаму лічацца зьніклымі бязь вестак у сталіцы Тэгеране і чатырох іншых правінцыях, паведамляюць іранскія СМІ са спасылкай на прадстаўніка Чырвонага Паўмесяца. Мясцовыя ўлады асьцерагаюцца новых сьмерцяў, паколькі моцныя дажджы працягваюцца па ўсёй краіне.

Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што вайсковы пэрсанал далучыўся да ратавальных апэрацый і дапамагае перавезьці тысячы людзей з аддаленых раёнаў у больш бясьпечныя месцы.

На мінулым тыдні раптоўныя паводкі ў пацярпелай ад засухі паўднёвай правінцыі Фарс прывялі да гібелі 22 чалавек, пацярпелі каля дзясятка вёсак.

За апошняе дзесяцігодзьдзе ў Іране неаднаразова адбываліся засухі, а таксама рэгулярныя паводкі. Напрыклад, у 2019 годзе моцная паводка на поўдні краіны забрала жыцьці 76 чалавек і нанесла шкоду, якая ацэньваецца больш чым у 2 мільярды даляраў. У правінцыі Фарс у выніку паводкі ў сакавіку 2018 году загінулі 44 чалавекі.

Экспэрты кажуць, што зьмяненьне клімату ўзмацняе засухі і паводкі, а іх інтэнсіўнасьць і частата ў сваю чаргу пагражаюць харчовай бясьпецы Зямлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад паводкі ў амэрыканскім штаце Кентукі ўжо загінулі 25 чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране могуць забараніць трымаць хатніх гадаванцаў