Як паведаміла намесьніца міністра ўнутраных спраў Кацярына Паўлічэнка, у гэтую лічбу ўключаныя толькі тыя, хто ўжо ідэнтыфікаваны, у той час як рэальная лічба можа быць яшчэ вышэйшай.
«Па стане на сёньняшні дзень сотні тысяч украінцаў былі прымусова дэпартаваныя ў краіну-агрэсара. Паводле зьвестак Нацыянальнага інфармбюро, ужо ідэнтыфікавана больш за 5600 дзяцей, якіх прымусова дэпартавалі ў Расею. Фактычная лічба большая. І сёньня адпрацоўваецца мэханізм вяртаньня гэтых дзяцей», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расею вывезьлі звыш 1,5 мільёна грамадзян Украіны. Эвакуацыя ці прымусовая дэпартацыя?Вядома, што вываз дзяцей-сірот з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» у Расею пачаўся яшчэ да ўварваньня ва Ўкраіну. Ужо ў сярэдзіне лютага 2022 году ў пункце часовага разьмяшчэньня на базе спарткомплексу «Рамонак» у Растоўскай вобласьці пасялілі выхаванцаў з трох інтэрнатаў і сацыяльных цэнтраў так званай «ДНР».
Расейскія чыноўнікі ў такіх сытуацыях выкарыстоўваюць тэрмін «эвакуацыя», украінскія — «прымусовая дэпартацыя».
«Чаму дзеяньні РФ не зьяўляюцца эвакуацыяй, растлумачыць вельмі проста, — тлумачыла раней выданьню ВВС Кацярына Рашэўская, юрыст украінскага Рэгіянальнага цэнтру па правах чалавека. — Па-першае, Расея сама стварыла ўмовы для такой эвакуацыі. Па-другое, паводле нормаў міжнароднага права, да таго, як эвакуіраваць людзей на ўласную тэрыторыю, павінен быць [праведзены] цэлы комплекс дзеяньняў з прыцягненьнем трэціх краінаў, міжнародных арганізацый, увядзеньнем іх гуманітарных канвояў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы прымусова вывозяць жыхароў Марыюпалю ў Расею і забіраюць у іх пашпарты