30 ліпеня «Газпром» паведаміў пра спыненьне паставак газу ў Латвію ў рамках ліпеньскай заяўкі, «у сувязі з парушэньнем умоваў адбору газу», паведаміла прэс-служба «Газпрома».
Напярэдадні латвійская газавая кампанія Latvijas Gaze паведаміла, што пачала купляць расейскі газ праз пасярэдніка. Кіраўнік кампаніі Айгарс Калвіціс не назваў новага пастаўшчыка, спаслаўшыся на «камэрцыйную інфармацыю». Паводле яго, у кампаніі няма магчымасьці купляць газ непасрэдна ў «Газпрома», паколькі разьлік за яго ідзе ў рублях. Пасярэднік жа прадае газ за эўра.
У сярэдзіне ліпеня сойм Латвіі ўхваліў поўную забарону на імпарт газу з Расеі з 2023 году. У 2021 годзе каля 90% набытага Латвіяй газу прыпадала на расейскія пастаўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Крэмль будзе захоўваць мінімальныя пастаўкі газу ў ЭЗ на час вайны з УкраінайЛатвія ўваходзіць усьпіс «недружалюбных» Расеі краін разам зь яшчэ 47 краінамі і тэрыторыямі, якія ўключаюць дзяржавы ЭЗ, Вялікую Брытанію, ЗША, Канаду і Японію. Згодна з указам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, з 1 красавіка 2022 году гэтыя краіны абавязаныя плаціць за расейскі газ у расейскіх рублях.
У канцы траўня расейскі канцэрн «Газпром» прыпыніў пастаўкі газу ў Баўгарыю, Польшчу, Нідэрлянды, Данію і Фінляндыю. Фармальнай нагодай стала адмова гэтых краін плаціць за расейскае паліва ў рублях.
У чэрвені «Газпром» скараціў пастаўкі ў Нямеччыну для эўрапейскага рынку па газаправодзе «Паўночны паток — 1» да 40%. Прычынай назвалі адсутнасьць турбіны для кампрэсарнай станцыі, якую кампанія Siemens забрала на рамонт і не вярнула своечасова праз санкцыі. З 27 ліпеня «Газпром» спыніў працу яшчэ адной турбіны «Паўночнага патоку — 1», скарачаючы аб’ём прапампоўваньня да 20% ад плянавай магутнасьці. Такім чынам, прадукцыйнасьць газаправоду складзе ня больш за 33 мільёны кубамэтраў газу за дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз удвая скараціў долю закупак газу ў Расеі. 12 краін ЭЗ сутыкнуліся з праблемамі паставак