Блінкен і Лаўроў правялі тэлефонныя перамовы пра абмен вязьнямі

Энтані Блінкен і Сяргей Лаўроў падчас сустрэчы ў межах АБСЭ, Стакгольм, 2 сьнежня 2021

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтан Блінкен паведаміў, што правёў тэлефонную размову зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, падчас якой настойваў, каб Расея прыняла «істотную прапанову» ў спробе дамагчыся вызваленьня зьняволеных амэрыканцаў.

Блінкен і Лаўроў не размаўлялі з таго часу, як Расея пачала маштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага. Дзяржсакратар ЗША заявіў, што падчас сёньняшняй размовы ён таксама падкрэсьліў, што сьвет чакае ад Расеі выкананьня дамовы ў Турэччыне, паводле якой мае аднавіцца экспарт збожжа і ўгнаеньняў з Украіны.

Раней сёньня Лаўроў паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі, што перамовы пра абмен вязьнямі паміж ЗША і Расеяй пачаліся пасьля леташняга саміту ў Жэнэве, на якім прэзыдэнты ​Джо Байдэн і Ўладзімір Пуцін дамовіліся прызначыць службовых асобаў для вывучэньня гэтага пытаньня.

У сераду Блінкен заявіў, што Вашынгтон зрабіў Крамлю «істотную прапанову» у спробе дамагчыся вызваленьня амэрыканскай баскетбалісткі Брытні Грайнэр і былога марскога пяхотніка Пола Ўілана, затрыманых у Расеі.

Крыніца агенцтва Reuters паведаміла, што Вашынгтон гатовы абмяняць Грайнэр і Ўілана на гандляра зброяй Віктара Бута, асуджанага ў ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вашынгтон прапануе Маскве абмен вязьнямі, Блінкен правядзе пра гэта перамовы з Лаўровым
  • Пола Ўілана затрымалі ў Маскве ў сьнежні 2018 году, абвінавацілі ў шпіянажы супраць Расеі і асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
  • Амэрыканская баскетбалістка Брытні Грайнэр, якая знаходзіцца пад арыштам у Расеі зь лютага 2022 году, абвінавачваецца ў захоўваньні і кантрабандзе наркатычных сродкаў. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
  • Віктар Бут адбывае 25-гадовы тэрмін у турме ў ЗША за спробу змовы з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян шляхам продажу зброі калюмбійскім паўстанцам з групоўкі FARC.