Больш за 5,1 тысячы замежнікаў падалі заявы аб наданьні статусу ўцекача ў Польшчы з пачатку 2022 году. Нягледзячы на вайну ва Ўкраіне, найбольш заяваў падалі беларусы, паведамляе Prawo.pl.
Паводле зьвестак Упраўленьня па справах уцекачоў, заявы аб наданьні статусу ўцекача ў Польшчы за першыя шэсьць месяцаў 2022 году падалі 1,5 тысячы беларусаў і ўсяго 1,2 тысячы ўкраінцаў. Пры гэтым у ведамстве адзначылі, што больш за 1,2 млн украінцаў атрымалі часовую абарону.
З пачатку 2022 году статус уцекача ў Польшчы далі 2,3 тысячам іншаземцаў. Пераважную большасьць зь іх склалі беларусы (2,1 тысячы чалавек), а таксама грамадзяне Афганістану (50 чалавек) і Ўкраіны (40 чалавек).
800 замежнікаў атрымалі адмову ў наданьні статусу ўцекача, у тым ліку грамадзяне Расеі (330 чалавек), Іраку (280 чалавек), Таджыкістану (50 чалавек). Вытворчасьці па справах 2,4 тысячы чалавек былі спыненыя.
Мяркуючы па ўсім, у 2022 годзе беларусы паставяць новы рэкорд па запыце міжнароднай абароны ў Польшчы. Для параўнаньня, за ўвесь 2021 год 2,3 тысячы беларусаў падалі заяву аб наданьні статусу ўцекача, у 2020-м — усяго 385 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 356 тысяч беларусаў атрымалі візы ў Польшчу пасьля жніўня-2020 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая зямля. «Мне прапанавалі працу за 1500 злотых, а за кватэру трэба плаціць 2100». Як беларусы ўладкоўваюцца ў Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З 8 ліпеня Польшча пачне прыём заяў на від на жыхарства на гуманітарных падставах