Кіеў заклікаў сьвет прызнаць Расею дзяржавай-тэрарысткай пасьля масавага забойства палонных украінцаў

Дзьмітро Кулеба

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў міжнародных партнэраў прызнаць Расею дзяржавай-тэрарысткай.

«Расейцы ўчынілі яшчэ адно жахлівае ваеннае злачынства, абстраляўшы папраўчую калёнію ў акупаванай Аленеўцы, дзе яны трымалі ўкраінскіх вайсковапалонных. Заклікаю ўсіх партнэраў жорстка асудзіць гэтае брутальнае парушэньне міжнароднага гуманітарнага права і прызнаць Расейскую Фэдэрацыю дзяржавай-тэрарысткай», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй старонцы ў Twitter.

29 ліпеня Міністэрства абароны Расеі і самаабвешчаныя ўлады гэтак званай «ДНР» абвінавацілі Ўкраіну ў абстрэле з амэрыканскіх ракетных установак HIMARS калёніі ў акупаванай Аленеўцы Данецкай вобласьці, у якой знаходзіліся палонныя ўкраінскія вайскоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Данбасе заявілі пра гібель 53 украінскіх палонных ад артылерыйскага ўдару. У Кіеве гэта назвалі «чарговай Катыньню» з боку Расеі

Паводле расейскіх СМІ, загінулі 53 палонныя, яшчэ 75 атрымалі раненьні.

Украінскі бок зьняпраўдзіў сваю датычнасьць да абстрэлу калёніі і назваў масавую гібель украінскіх палонных наўмыснай расейскай правакацыяй, каб прыхаваць катаваньні і забойствы зьняволеных украінцаў.

Афіцыйны Кіеў заклікаў расьсьледаваць факт абстрэлу ў межах міжнародных сьледчых груп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзярждуме Расеі запрапанавалі прызнаць Украіну «дзяржавай-тэрарыстам»