З абвінавачаным у «тэрарызьме» Мікалаем Аўтуховічам, які абвясьціў галадоўку, абыходзяцца бесчалавечна, заявіў прэс-сакратар Эўрапейскай службы вонкавых дзеяньняў Пэтэр Стана.
Ён зазначыў, што Аўтуховіч «адмаўляецца ад ежы і вады, патрабуючы захаваньня яго права на перапіску».
«Гэта бесчалавечнае абыходжаньне. Улады Беларусі павінны выконваць свае міжнародныя абавязаньні ў галіне правоў чалавека», — падкрэсьліў Стана.
Галоўны фігурант «справы Аўтуховіча» 59-гадовы Мікалай Аўтуховіч абвясьціў сухую галадоўку 11 ліпеня, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газэт.
26 ліпеня дачка Аўтуховіча паведаміла, што ён сурʼёзна аслабеў. На пасяджэньні 28 ліпеня, якое аднавілася пасьля сутачнага перапынку, падсуднага не было. Адвакатка не змагла даведацца, у якім ён стане.
28 і 29 ліпеня яго не было на судзе, паведаміла дачка Аўтуховіча.
Адвакатка папрасіла суд, каб ёй далі пабачыць свайго падабароннага. Начальнік турмы заявіў ёй, што лекары тры разы на дзень абсьледуюць яго і ня выявілі незваротных зьмен у арганізьме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалая Аўтуховіча, які галадае 15 дзён, выдалілі з суду. Здароўе палітвязьня імкліва пагаршаеццаСуд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.
Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча».
Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разанавічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Снягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.
Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у гэты лік не ўваходзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Аўтуховіч, які галадае 16 дзён, упаў па дарозе ў суд. Судьдзя адмовіўся выклікаць хуткуюГалоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.