Суд ва Ўкраіне замяніў пажыцьцёвы прысуд вайскоўцу Расеі на 15 гадоў

Вадзім Шышымарын у судзе

Калегія судзьдзяў Кіеўскага апэляцыйнага суду зьмяніла прысуд расейскаму вайскоўцу Вадзіму Шышымарыну і замяніла яму пажыцьцёвае зьняволеньне на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Пра гэта паведамляе выданьне Ґрати.

21-гадовы вайсковец кантрактнай службы Шышымарын быў першым расейскім вайскоўцам, прысуджаным ва Ўкраіне пасьля пачатку шырокамаштабнага ўварваньня па абвінавачаньні ў парушэньні законаў і звычаяў вайны. Сьледзтва ўстанавіла, што Шышымарын 28 лютага застрэліў 62-гадовага жыхара вёскі Чупахоўка Сумскай вобласьці Аляксандра Шаліпава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне вынесьлі першы вырак расейскаму салдату: пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства цывільнага

Расейскі вайсковец пасьля быў узяты ў палон. Суд у траўні прысудзіў яго да пажыцьцёвага зьняволеньня, гэта самае суровае пакараньне ва Ўкраіне, дзе няма сьмяротнага пакараньня.

Вайсковец прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён заявіў, што страляць па мірным жыхары яму загадалі. У чэрвені абарона расейца падала апэляцыю на рашэньне суду, аспрэчыўшы пажыцьцёвы прысуд. Адвакаты падкрэсьлілі, што Шышымарын прызнаў віну і даў прызнальныя паказаньні, а таксама што ён добраахвотна здаўся ў палон.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двух расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне асудзілі на 11,5 года калёніі