Польскае выданьне Rzeczpospolita атрымала інфармацыю аб тым, у чым вінавацяць аднаго зь лідэраў польскай меншасьці, журналіста Анджэя Пачобута.
Палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту самому ўдалося перадаць гэтую інфармацыю з-за кратаў.
«Пракуроры дыктатара палічылі, у прыватнасьці, выказваньні Пачобута аб савецкай агрэсіі супраць Польшчы 17 верасьня 1939 году „распальваньнем нацыянальнай варожасьці“. Паколькі, паводле прапаганды Лукашэнкі і Крамля, менавіта тады адбылося „вызваленьне ўкраінскага і беларускага народаў, прыгнечаных Польшчай“», — піша выданьне.
Таксама паведамляецца, што яшчэ адным «абсурдным доказам», які нібыта пацьвярджае абвінавачаньні ў адрас журналіста, зьяўляюцца ягоныя выказваньні ў абарону польскай сыстэмы адукацыі ў Беларусі, якая гадамі разбуралася рэжымам Лукашэнкі.
«У справе фігураваў і адзін з артыкулаў Пачобута ў Gazeta Wyborcza, у якім ён паведамляў пра жорсткае задушэньне поствыбарных пратэстаў сілавікамі ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году. Абвінаваўцы рэжыму таксама ўгледзелі „распальваньне нянавісьці“ ў заявах і інтэрвію Пачобута, якія ён даў польскім СМІ. Да справы таксама прыклалі і артыкул у Magazyn Polski, які ён напісаў у 2006 годзе і прысьвяціў Анатолю Радзівоніку („Алех“), аднаму з камандзіраў польскага антыкамуністычнага і вызваленчага падпольля ў Горадзенскай вобласьці», — адзначае «Rzeczpospolita».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту не перадаюць лісты ад сына, бо яны на польскай мовеНядаўна стала вядома, што Анджэю Пачобуту, які ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі, чарговы раз падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай яшчэ на 2 месяцы. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Аксана Пачобут.
«16 месяцаў!!! За гэты час наш сын перагнаў па росьце бабулю зь дзядулем. З сынам не дазволена перапіска, бо Андрэй зь ягонага нараджэньня мае зносіны зь ім на польскай мове. Ён піша скаргі, якія адміністрацыя нават не выпускае зь СІЗА.
У лістах піша, што не журыцца, чытае кнігі і гатовы да горшага разьвіцьця падзей. Перадае прывітаньне ўсім знаёмым і незнаёмым людзям і дзякуе ўсім, хто, нягледзячы ні на што, працягвае пісаць...» — паведаміла Аксана ў фэйсбуку.
Паводле афіцыйных зьвестак, сьледзтва ў дачыненьні да Анджэя Пачобута павінна было скончыцца 25 ліпеня.
Журналіста Анджэя Пачобута, прадстаўніка незалежнага Саюзу палякаў у Беларусі, арыштавалі 25 сакавіка 2021 году. Беларускія ўлады абвінавачваюць яго ў «распальваньні нацыянальнай варожасьці» і «рэабілітацыі нацызму». Такія ж абвінавачаньні былі выстаўленыя яшчэ чатыром актывістам Саюзу палякаў, у тым ліку старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс. Усім ім пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі. Зь пяці абвінавачаных у «справе палякаў» сёньня за кратамі застаецца толькі Анджэй Пачобут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Rzeczpospolita: Журналіста Андрэя Пачобута некаторы час трымалі ў «расстрэльным калідоры» на Валадарцы