Студэнту авіяакадэміі за перасыланьне зьвестак пра рух вайсковых самалётаў прысудзілі 2,5 года калёніі
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што студэнта авіяакадэміі Аляксандра Загдая абвінавацілі паводле арт. 361-4 КК («Садзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за перасылку ў тэлеграм-каналы інфармацыі пра рух тэхнікі.
Загдая затрымалі ў чэрвені 2022-га. Яго зьмясьцілі ў СІЗА па абвінавачаньні ў тым, што ён «сыстэматычна перадаваў інфармацыю тэлеграм-каналу Nexta».
Разгляд справы Загдая праходзіў 19 і 22 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе. Абвінавачаньне сьцьвярджала, што Аляксандар з 13 кастрычніка 2021 году па 17 сакавіка 2022 году перасылаў «нявызначаным асобам паведамленьні пра рух авіятэхнікі ў Баранавічах».
У выніку судзьдзя Валянціна Куніцкая пакарала хлопца 2 гадамі і 6 месяцамі зьняволеньня.
Актывіста з Наваполацку пасьля 45 дзён у ізалятары перазатрымалі па новым пратаколе
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Андрэй Галавырын перазатрыманы паводле чацьвёртага пратаколу — ён ня выйшаў на волю пасьля 45 дзён арышту, піша «Вясна». У панядзелак чакаецца чарговы суд над ім.
Андрэя Галавырына затрымалі 15 чэрвеня і зьмясьцілі ў Наваполацкі ЦІП. Вядома, што ў гэты ж дзень над ім адбыўся суд па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Судзьдзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 дзён. 1 ліпеня Андрэя зноў пакаралі 15-дзённым арыштам. Пасьля 30 дзён арышту яго зноў пакінулі за кратамі, а 15 ліпеня Галавырына трэці раз запар асудзілі на 15 сутак.
Яшчэ падчас першага арышту мужчына перанёс гіпэртанічны крыз.
Па якім артыкуле яго перазатрымалі гэтым разам — невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 ліпеня: Судзяць айцішніка за перадачу ў СМІ фота расейскай вайсковай тэхнікі; затрымалі баранавіцкую актывісткуЗатрыманьні ў Пружанах
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне дырэктара швейнай фірмы Сяргея Вакульчыка. На «пакаяльным відэа» 45-гадовы мужчына кажа, што быў затрыманы за тое, што на сваёй старонцы ў «Одноклассниках» разьмясьціў фатаздымак з нацысцкай сымболікай. Паведамляецца, што Сяргею прызначылі 15 дзён арышту.
Таксама вядома пра затрыманьне былога сьледчага Максіма Куроўскага. Папярэдне, яго затрымалі за камэнтары ў інтэрнэце.
Паводле непацьверджанай інфармацыі, усяго ў Пружанах затрымана чатыры чалавекі, паведамляе «Вясна».
У Горадні проста пасярод вуліцы затрымалі менчука, які адбывае пакараньне ў горадзенскай ПУАТ № 24
Вядома, што раней затрыманага мужчыну асудзілі паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці») і арт. 186 КК («Пагроза забойствам, прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў або зьнішчэньнем маёмасьці»).
Праваабаронцы мяркуюць, што гаворка ідзе пра 49-гадовага менчука Сьвятаслава Лепешава. Менскі гарадзкі суд 12 жніўня прысудзіў яму чатыры гады «хіміі» за пагрозу забойствам расейскаму прапагандысту Канстанціну Прыдыбайлу з RT і распальваньне нацыянальнай варожасьці ў адносінах да расейцаў.
Згодна з матэрыялам з праўладных тэлеграм-каналаў, быўшы на «хіміі», мужчына распаўсюдзіў у фэйсбуку «экстрэмісцкія» матэрыялы. На «пакаяльным» відэа ён прызнаўся ў гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага журналіста «Прессбола» за антырасейскія выказваньніБерасьцейца асудзілі на 2,5 года калёніі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Ўкраіне
У Берасьцейскім абласным судзе адбыўся першы суд за «замах на ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях» (ч. 1 арт. 14 і ч. 1 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу). Абвінавачаны — 37-гадовы жыхар Берасьця Сяргей Вайцюк. Гэта першы чалавек у Беларусі, якога асудзілі за тое, што хацеў стаць добраахвотнікам ва Ўкраіне пасьля 24 лютага 2022 году.
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Вайцюк у сярэдзіне красавіка адправіўся на таксі ў Маларыцкі раён, у памежную зону да дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Украінай. Прыбыўшы на месца, ён спрабаваў перасекчы мяжу ў напрамку Ўкраіны, у тым ліку па-за ўстаноўленым пунктам пропуску, аднак не давёў свой намер да канца, бо яго затрымалі праваахоўныя органы.
Судзьдзя Сьвятлана Крамянёўская прызначыла яму 2,5 года калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор Аляксандар Богуш.
Затрымалі былую выкладчыцу БНТУ
Затрыманая Сьняжана Рогач — магістарка гісторыі, былая выкладчыца БНТУ, паводле інфармацыі Беларускай Рады культуры, падстава затрыманьня — «абраза прадстаўніка ўлады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Берасьця асудзілі на 2,5 года калёніі за пляны стаць добраахвотнікам ва ЎкраінеУ Віцебску затрымалі былую журналістку Tut.by Тацяну Мацьвееву
Мацьвееву затрымалі на віцебскім вакзале пасьля вяртаньня са службовай выправы. Перад гэтым ёй тэлефанавалі міліцыянты з прапановай «прыйсьці на размову», паведамляюць праваабаронцы.
Мінулым разам журналістку выклікалі ў міліцыю месяц таму. Як потым паведамляла Тацяна, прычына была ў тым, што Tut.by прызналі «экстрэмісцкай арганізацыяй».
«І вось у мяне амаль 2 гадзіны даведваліся, ці не супрацоўнічаю я зь ёю. На разьвітаньне сказалі: „Да новых сустрэч“», — расказала тады журналістка.
Магчыма, Тацьцяну затрымалі паводле арт. 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых акцыяў») за аватаркі ў сацсетках.