ГУБАЗіК затрымаў 17-гадовага журналіста «Прессбола» за антырасейскія выказваньні

Раман Качына

Хлопец сёлета скончыў школу і зьбіраўся паступаць на журфак БДУ.

Як высьветліла «Вясна», затрыманага завуць Раман Качына. Ён журналіст-пачатковец, які супрацоўнічае са спартовым выданьнем «Прессбол», футбаліст-аматар у камандзе Nine United.

У ГУБАЗіК заявілі, што ў 15 гадоў хлопец «засьвяціўся на жнівеньскіх пратэстах у Менску», а пасьля «распальваў варожасьць у інтэрнэце ў адносінах жыхароў Расейскай Фэдэрацыі». Ён нібыта казаў аб тым, што беларусы адвеку ваявалі супраць расейцаў.

Як заўважыла Беларуская асацыяцыя журналістаў, пасьля навіны пра затрыманьне Качыны, з сайту вучэбнага інтэрнэт-СМІ Інстытуту журналістыкі БДУ выдалілі інтэрвію з рубрыкі «Абітурыент», у якім якраз Раман дзяліўся сваёй дзіцячай марай — стаць спартовым камэнтатарам.

Газэта «Прессбол», зь якой супрацоўнічаў Качына, неўзабаве пасьля выбараў асудзіла пратэсты, хаця ў першыя дні пратэстаў, яшчэ пры старым галоўным рэдактары, выходзіла зь бел-чырвона-белым сьцягам на перадавіцы. Пазьней, паводле словаў намесьніка галоўнага рэдактара, газэце «прыйшоў час крыху затупіцца», яна перастала публікаваць настолькі вострыя матэрыялы, як раней, а большасьць ранейшага калектыву журналістаў сышла з выданьня.

Перасьлед спартовых журналістаў, у прыватнасьці, турэмны тэрмін у крымінальнай справе Аляксандру Івуліну, прывёў да таго, што рэдакцыя сайту «Трыбуна», зь якім ён супрацоўнічаў, цяпер працуе з-за мяжы. Вымушана пакінуў Беларусь і шэраг спартоўцаў, якія падпісвалі ліст за новыя выбары без Лукашэнкі. За мяжой яны заснавалі Беларускае аб’яднаньне спартоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 ліпеня: Судзяць айцішніка за перадачу ў СМІ фота расейскай вайсковай тэхнікі; затрымалі баранавіцкую актывістку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навоша: У сыстэме панылая абстаноўка, ніхто не адчувае сябе пераможцамі «змагароў»