Прэзыдэнт Лівы Гітанас Наўседа прыбыў зь візытам у Кіеў, каб павіншаваць украінскі народ зь днём украінскай дзяржаўнасьці. Гэтае сьвята ўпершыню адзначаецца ва Ўкраіне.
«Сёньня, калі ва Ўкраіне ўпершыню адзначаюць Дзень дзяржаўнасьці, у мяне будзе магчымасьць зьвярнуцца да ўкраінскага народу ў Вярхоўнай Радзе. Хачу зноў сказаць ім, што Літва ёсьць і будзе разам зь імі. Аж да перамогі. Тое самае перадам украінскаму прэзыдэнту Уладзіміру Зяленскаму», — паведаміў Гітанас Наўседа на сваёй старонцы ў Facebook.
У Твітэры ён паведаміў, што плянуе ўручыць Ўладзіміру Зяленскаму ордэн Вітаўта Вялікага – вышэйшую літоўскую дзяржаўную ўзнагароду.
Ордэн быў заснаваны ў 1930 годзе ў памяць 500-годдзя з дня сьмерці князя Вітаўта для ўзнагароджаньня літоўскіх і замежных грамадзян за асаблівыя заслугі перад Літоўскай дзяржавай.
Ва Ўкраіне сёлета 28 ліпеня ўпершыню адзначаецца Дзень украінскай дзяржаўнасьці. Яе цяпер адлічваюць ад дня хрышчэньня Кіеўскай Русі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вайной Украіну не зламаць» — Зяленскі пра пяць месяцаў поўнамаштабнага ўварваньня РФ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне на 30-я ўгодкі незалежнасьці дзяржаўнасьць вырашылі адлічваць ад хрышчэньня Кіеўскай Русі