Вашынгтон ацэньвае расейскія страты ва Ўкраіне ў 75 тысяч забітых і параненых

Запуск амэрыканскай ракеты ATACMS. Архіўнае фота

Больш за 75 000 чалавек з расейскага боку былі забітыя або параненыя ў вайне, разьвязанай Расеяй супраць Украіны.

Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на дэпутатку Кангрэсу ад Дэмакратычнай партыі Элісу Слоткін, чальца камітэту узброеных сіл Палаты прадстаўнікоў, якая прысутнічала 27 ліпеня на сакрэтным брыфінгу ў Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША.

Раней у CIA заяўлялі, што з расейскага боку загінулі 15 000 чалавек. Афіцыйнай інфармацыі ад уладаў Расеі аб колькасці загінулых і параненых няма.

Слоткін таксама сказала, што падчас брыфінгу абедзьве партыі выказалі падтрымку для адпраўкі ва Ўкраіну амэрыканскіх ракет далёкага радыюсу дзеяньня, вядомых як ATACMS, якія могуць наносіць удары на адлегласьць да 280 кілямэтраў. Украінцы на працягу некалькіх месяцаў заклікалі ЗША адправіць гэтыя сыстэмы, таму што высокамабільныя артылерыйскія ракетныя сыстэмы (HIMARS) могуць наносіць удары толькі на адлегласьці каля 80 кілямэтраў.

Аднак дарадца ЗША ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джэйк Саліван на мінулым тыдні паўтарыў афіцыйную пазыцыю адміністрацыі Джо Байдэна, што ЗША ня вышлюць ракеты ATACMS Украіне, таму што яны могуць быць выкарыстаны для ўдару па тэрыторыі Расеі, што прывядзе да яшчэ большай эскаляцыі вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кангрэсмэн Сьміт: Украіна можа атрымаць 25-30 HIMARS і аналягаў