Палітычны альянс Муктады аль-Садра атрымаў найбольшую колькасьць месцаў на ўсеагульных выбарах у кастрычніку мінулага году, але ён не знаходзіцца ва ўладзе праз палітычны тупік, які паўстаў пасьля галасаваньня. Паведамляецца, што паліцыя прымяніла супраць дэманстрантаў сьлезацечны газ і вадамёты. Заканадаўцаў у гэты час не было ў будынку, піша ВВС.
Група пранікла ў багдадзкую «зялёную зону», якая знаходзіцца пад пільнай аховай, дзе знаходзіцца шэраг найбольш важных будынкаў сталіцы, у тым ліку амбасады. Крыніца службы бясьпекі паведаміла агенцтву AFP, што першапачаткова сілы бясьпекі, здавалася, спынілі пратэстоўцаў, але потым тыя «ўзялі штурмам парлямэнт».
Цяперашні прэм’ер-міністар Іраку Мустафа аль-Кадзімі заклікаў дэманстрантаў пакінуць будынак, але людзі пакуль не падпарадкоўваюцца — яны сьпяваюць, танцуюць і ляжаць на сталах.
Хваляваньні адбыліся пасьля дзевяці месяцаў крызісу, падчас якога спрэчкі паміж рознымі палітычнымі групоўкамі ў краіне так і не дазволілі стварыць новы ўрад.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ірак палічыў «доказы», якія перадаў яму Сьледчы камітэт Беларусі, несапраўдныміМуктада аль-Садр, шыіцкі клірык, які выступаў супраць амэрыканскага ўмяшаньня ў справы Іраку, абвясьціў перамогу свайго нацыяналістычнага руху «Сарун» пасьля выбараў у кастрычніку. Але з таго часу аказалася немагчымым пабудаваць новую ўрадавую кааліцыю, бо Садр адмовіўся працаваць з супернікамі.
Ён і яго прыхільнікі выступаюць супраць кандыдатуры Махамэда аль-Судані на пасаду прэм’ер-міністра, бо лічаць яго занадта блізкім да Ірану.
Папярэднія масавыя пратэсты ў краіне прайшлі ў 2019 годзе на фоне грамадзкага гневу ад карупцыюі, беспрацоўя і стану дзяржаўных паслуг. Сотні людзей тады забілі сілы бясьпекі, паведамляў Human Rights Watch.
Прыхільнікам аль-Садра ўжо ўдавалася ўварвацца ў парлямэнт падчас беспарадкаў у 2016 годзе.
У сераду місія ААН у Іраку заявіла, што пратэстоўцы маюць права на дэманстрацыі, але пры ўмове, што іхныя дзеяньні застаюцца мірнымі і законнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Тунісу ўпершыню ўзначаліла жанчына