Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна запрапанавала абмяняць Віктара Бута, асуджанага расейскага гандляра зброяй, які адбывае 25-гадовы турэмны тэрмін ў ЗША, на амэрыканцаў Брытні Грайнэр і Пола Ўілана, зьняволеных у Расеі.
Пра гэта паведамляе CNN, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы.
Крыніцы паведамілі CNN, што плян абмену Бута на Ўілана і Грайнэр атрымаў падтрымку прэзыдэнта Байдэна пасьля абмеркавання ў пачатку гэтага году.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў 27 ліпеня, што ЗША некалькі тыдняў таму зрабілі Маскве «істотную прапанову» адносна Ўілана і Грайнэр, якія лічацца незаконна затрыманымі. Галоўны амэрыканскі дыплямат заявіў, што мае намер абмеркаваць гэтае пытаньне падчас размовы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым на гэтым тыдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: У Маскве і Вашынгтоне гавораць пра магчымы абмен вязьнямі- Пола Ўілана затрымалі ў Маскве ў сьнежні 2018 году, абвінавацілі ў шпіянажы супраць Расеі і асудзілі на 16 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
- Амэрыканская баскетбалістка Брытні Грайнэр, якая знаходзіцца пад арыштам у Расеі зь лютага, абвінавачваецца ў захоўваньні і кантрабандзе наркатычных сродкаў. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
- Віктар Бут адбывае 25-гадовы тэрмін у турме ў ЗША за спробу змовы з мэтай забойства амэрыканскіх грамадзян шляхам продажу зброі калюмбійскім паўстанцам з групоўкі FARC.