У беларускім грамадзтве існуе шырокі і ўстойлівы кансэнсус наконт незалежнасьці, — Рудкоўскі

Марш у Менску, 16 жніўня 2020 году

Пётра Рудкоўскі: Незалежнасьць — гэта прадукт дзейнасьці канкрэтных людзей плюс спрыяльныя акалічнасьці.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пётра Рудкоўскі разважае, ці было гатовае беларускае грамадзтва да незалежнасьці ў 1991 годзе, аналізуе, наколькі ідэя неабходнасьці незалежнасьці ўзмацнілася за гэтыя 30 гадоў, і заяўляе, што сёньня лёс беларускай незалежнасьці вырашаецца ў тым ліку на ўкраінскіх франтах.

Сьцісла:

  • Незалежнасьць — гэта прадукт дзейнасьці канкрэтных людзей плюс спрыяльныя акалічнасьці.
  • У пачатку 90-х значная частка грамадзтва (магчыма, большасьць) была не гатовая да незалежнасьці.
  • Цяпер любая альтэрнатыва незалежнай Беларусі зьяўляецца цьмянай і незразумелай.

— 27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, якая стала першым юрыдычным крокам для набыцьця Беларусьсю поўнай незалежнасьці ў 1991 годзе. Ці можна сказаць, што незалежнасьць Беларусі была перадвызначаная пэўным гістарычным разьвіцьцём беларускага народу, ці, як гавораць некаторыя, яна зьявілася дзякуючы пераважна канкрэтным гістарычным абставінам, развалу СССР у канцы 80-х — пачатку 90-х?

— Апрача «перадвызначанасьці» ці «выпадковасьці», ёсьць трэці важны момант. Незалежнасьць — гэта вынік дзейнасьці канкрэтных людзей. Хаця трэба прызнаць, што дзейнасьць, нават з самым выбітным і добрым патэнцыялам, без адпаведных навакольных акалічнасьцяў можа не прынесьці да такога выніку, якога хацелася б.

Пётра Рудкоўскі

Мы ведаем, што сёньня ў сьвеце больш за 500 народаў і нацыянальных супольнасьцяў прэтэндуюць на незалежнасьць, але ў палітычных рэаліях маем толькі каля 200 незалежных краінаў. Добрым прыкладам зьяўляюцца курды, дзе, нягледзячы на вялізны культурны, моўны і гістарычны патэнцыял і моцную волю да незалежнасьці, для яе набыцьця няма спрыяльных умоваў.

Таму я схільны глядзець на гісторыю любога народу — вялікага ці малога — рацыянальным вокам. Незалежнасьць — гэта прадукт дзейнасьці канкрэтных людзей плюс спрыяльныя акалічнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка як гарант страты сувэрэнітэту

— Тады, у канцы 80-х — пачатку 90-х, акрамя спрыяльных акалічнасьцяў, у Беларусі знайшлося дастаткова шмат людзей, якія ўсьведамлялі каштоўнасьць незалежнасьці і змагаліся за яе. Але праўдай будзе сказаць, што на той момант яны не былі ў большасьці. Ці сьведчыць гэта пра тое, што большасьць (у любой краіне) паступова дасьпявае да свайго авангарду, які нярэдка ідзе наперадзе грамадзтва?

— Практычна не бывае так, каб у нейкай краіне большасьць займалася адваёўваньнем незалежнасьці сваёй нацыянальнай супольнасьці. Гэта справа амаль заўсёды пэўнай актыўнай меншасьці. Такія рэчы, як стварэньне незалежнай дзяржавы ці, напрыклад, эканамічныя рэформы — гэта заўсёды вельмі вялікая інтэлектуальная праца, яна патрабуе сур’ёзных кагнітыўных здольнасьцяў і намаганьняў. Гэта заўсёды справа нацыянальных элітаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Шлях асобы і палітыка

— Значыць, калі пэўныя аглядальнікі, публіцысты кажуць, што «народ быў не гатовы», «народ не сасьпеў», гэта выглядае даволі недарэчным, бо народ як большасьць заўсёды не гатовы да нейкіх радыкальных зьменаў, у тым ліку да незалежнасьці?

— Так, калі гаварыць пра Беларусь пачатку 90-х, то можна відавочна канстатаваць, што значная частка грамадзтва (магчыма, большасьць) была не гатовая. Асабліва на фоне тых эканамічных праблемаў, якія тады зьявіліся. Калі заробак 15-20 даляраў і трэба зводзіць канцы з канцамі, наіўна спадзявацца, што людзі штодня будуць жыць змаганьнем за незалежнасьць і гэтым карміцца. Матэрыяльныя нястачы аказваюць вялікі ўплыў на грамадзкую актыўнасьць: калі няма чаго есьці, ты проста псыхалягічна ня можаш думаць пра больш высокія рэчы. Альбо пра тыя, якія маюць ня сёньняшнюю, а адтэрмінаваную, будучую выгаду.

У такой сытуацыя тая самая нацыянальная эліта, меншасьць, можа асэнсаваць сытуацыю сілай веры альбо сілай аналізу. Гэта ўнівэрсальная рэч, што ў выпадку сур’ёзных выпрабаваньняў першынство аддаецца пытаньням паўсядзённага выжываньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кіруе беларусамі? Дасьледаваньне каштоўнасьцяў

— Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за 30 гадоў незалежнасьці? Наколькі гэтыя ідэя ўсталяваліся ў беларускім грамадзтве, як можна прасачыць гэтую дынаміку?

— Ёсьць даволі шырокі і ўстойлівы кансэнсус наконт неабходнасьці незалежнасьці. Ён даволі ўстойлівы як мінімум з пачатку 2000-х гадоў і стала пашыраецца. На пачатку нулявых гэта было ў раёне 50-60 працэнтаў за незалежнасьць, а цяпер гэта ў раёне 85 працэнтаў.

Іншая справа, наколькі глыбокая і бескампрамісная гэта адданасьць ідэі незалежнасьці, якую цану беларусы гатовыя плаціць за абарону незалежнасьці. У пачатку 90-х незалежнасьць як альтэрнатыва СССР уяўлялася цьмянай і ненадзейнай, не зусім зразумелай: «Як гэта, жыць зусім па-іншаму?». Ад пачатку нулявых беларусы звыкліся з новай рэчаіснасьцю, успрынялі яе, і цяпер ужо любая альтэрнатыва незалежнай Беларусі зьяўляецца цьмянай і незразумелай.

— Тым ня менш увесь час існаваньня сучаснай беларускай незалежнай дзяржавы ідуць размовы пра пагрозы незалежнасьці, найперш на фоне бясконцага працэсу «інтэграцыі» з Расеяй, які праводзіць існы палітычны рэжым. І цьмянай «альтэрнатывай», пра якую вы толькі што сказалі, ёсьць паглынаньне Беларусі Расеяй. Сучасная гісторыя (пасьля 1940-х), ведае дзясяткі выпадкаў зьяўленьня новых краінаў, аднак ня ведае выпадкаў страты незалежнасьці хоць адной незалежнай дзяржавай. Наколькі рэальная на сёньня пагроза страты беларускай незалежнасьці?

— На жаль, такая пагроза існуе. У крамлёўскіх стратэгаў ёсьць звышідэя — стварэньне «саюзу» Расеі, Беларусі і той часткі Ўкраіны, якую яны хацелі заваяваць (відавочна, што яны разьлічвалі захапіць усю Ўкраіну, але цяпер рэаліі скарацілі іхныя амбіцыі). У такім «саюзе» фармальная незалежнасьць Беларусі (сьцяг, сяброўства ў ААН) можа застацца, але рэальна гэта будзе ўзор Савецкага Саюзу з нулявой практычнай магчымасьцю выйсьці зь яго.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нельга вырашыць пытаньне Ўкраіны, а Беларусь аддаць на разарваньне Расеі», — Ціханоўская ў Бэрліне

— Атрымліваецца, што ў пэўнай ступені пытаньне незалежнасьці Беларусі вырашаецца сёньня на ўкраінскіх франтах. Што можа рабіць беларускае грамадзтва, каб супрацьстаяць пагрозе страты незалежнасьці? Калі гаварыць ня толькі пра вонкавыя абставіны (украінскі фронт), але і ўласную волю і дзеяньні канкрэтных людзей, пра што мы казалі ў пачатку размовы.

— Па-першае, гэта ўзмацненьне ўнутранай салідарнасьці, захаваньне пачуцьця агульнай супольнасьці.

Па-другое, усялякая падтрымка Ўкраіне. Мы зычым посьпеху Ўкраіне і дзеля яе самой, і дзеля сябе; важна разумець, што нашы лёсы вельмі моцна ўзаемазьвязаныя.

Па-трэцяе, заставацца рэалістамі, прачытваць сытуацыю. Лукашэнка даказаў, што зьяўляецца ворагам беларускага народу, але ён мае свае інтарэсы, на якіх можна гуляць. Дзеля патрэбаў незалежнасьці, патрэбаў дэмакратызацыі Беларусі можна выкарыстоўваць тыя слабасьці, тыя інтарэсы, якія мае кіроўны рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 27 ліпеня і Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Факты, відэа, тэст